15 відаў спорту складуць праграму Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Беларусі

13 апреля 2017

15 відаў спорту, з якіх тры - гульнявыя, складуць праграму Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Беларусі.

Поўны спіс спаборніцтваў стане вядомы пасля таго, як у маі адбудзецца інспекцыйны візіт камісіі еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў па правядзенні Еўрагульняў.

Аб гэтым у эксклюзіўным інтэрв'ю Агенцтву тэленавін распавёў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў. Ён таксама адзначыў, што для правядзення гэткага маштабнага форуму неабходна падрыхтаваць каля 10 тысяч валанцёраў.

Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Колькасць валанцёраў будзе залежаць ад таго, колькі відаў спорту будзе канчаткова зацверджана. Калі будзе падпісаны кантракт, будзе ўжо зразумела. Можа вагацца лік ад 10000 да 20000. Гэта значыць - цэлая армія, якая будзе нам дапамагаць у арганізацыі Еўрапейскіх гульняў. Сёння можна гаварыць, што ў нас ёсць 1000 валанцёраў, абкатаных на рознага роду мерапрыемствах".

Нагадаем, 21 кастрычніка мінулага года па выніках 45-й Генасамблеі еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў было прынята рашэнне аб тым, што другія ў гісторыі Еўрапейскія гульні пройдуць у беларускай сталіцы.