100 гадоў гісторыі футбола ў асобах і фактах на выставе "Мяч круглы. Поле роўнае"

4 июня 2018

Да старту галоўнай падзеі ў свеце футбола застаецца менш за два тыдні. Напярэдадні мундыяля самыя цікавыя факты з гісторыі гульні нумар 1 можна даведацца на выставе "Мяч круглы. Поле роўнае". Яна адкрылася ў Маскве. 100 гадоў гісторыі ў асобах і фактах убачыла наш карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Яшчэ паўгода таму аб футболе фатограф Крысціна Раманава ведала, што мяч круглы, а поле роўнае. Цікавасць да гэтай гульні з'явілася пасля таго, як Расія ўпершыню ў сваёй гісторыі стала краінай - гаспадыняй ЧС па футболе 2018. Так нарадзілася ідэя арганізаваць выставу, дзе кожны можа даведацца пра самыя цікавыя факты гісторыі расійскага футбола. Напрыклад, у Санкт-Пецярбургу ў кастрычніку 1910 года прайшоў першы міжнародны матч. Гаспадары згулялі супраць каманды з Багеміі і атрымалі перамогу з лікам 5:4. За гульнёй назірала 4,5 тысячы гледачоў. Гэтую сустрэчу часам лічаць першай гульнёй зборнай Расіі.

У пачатку XX стагоддзя футбол у Расіі настолькі папулярны, што гульня выходзіць за рамкі стадыёнаў. У 30-х гадах на сцэне Вялікага тэатра ставяць балет "Футбаліст". А з часам гульня становіцца адной з любімых тэм савецкіх кінарэжысёраў і мультыплікатараў.

Адзін з самых незвычайных раздзелаў выставы - экспазіцыя "Каманда мары". На імправізаваным футбольным полі размясцілі 11 гіпсавых фігур самых вядомых савецкіх футбалістаў. Гэта легендарны варатар Леў Яшын. Уладальнік "Залатога мяча" дынамавец Алег Блахін. І лепшы бамбардзір за ўсю гісторыю маскоўскага "Спартака" Мікіта Сіманян. У такім складзе зборная на поле ніколі не выходзіла.

Аб жыцці і перамогах кожнага з 11 футбалістаў распавядзе спецыяльны аўдыязапіс. А вось легендарныя выказванні савецкіх каментатараў, якія ўжо даўно сталі крылатымі, можна прачытаць прама на сценах выставы.

Выстава - гэта яшчэ і гісторыя фанацкага руху, які, як аб’яўляе легенда, зарадзіўся ў Расіі ў 1972 годзе, калі на стадыён упершыню прыйшоў чалавек з шалікам "Спартак". Сёння найбольш заўзятыя прыхільнікі футбола гатовыя прысвяціць любімаму клубу нават часцінку ўласнага цела.

І як завяршэнне выставы - фотапраект "Юныя футбалісты". Магчыма ў будучыні адзін з гэтых юных гульцоў стане зоркай сусветнага футбола.