Абарона дзяржаўнай мяжы стала галоўнай на нарадзе ў Прэзідэнта

20 января 2017

Абарона дзяржаўнай мяжы сёння стала галоўнай на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. З прадстаўнікамі сілавога блока, якія адказваюць за бяспеку межаў, Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў пытанні ўдасканалення працы Дзяржпагранкамітэта, аптымізацыі яго структуры, а таксама павышэння ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі вайскоўцаў. Ступень абароны дзяржмяжы Беларусь павышае бесперапынна. Летась гэтая тэма двойчы абмяркоўвалася на ўзроўні Прэзідэнта. Увага да гэтай сферы тлумачыцца няпростым міжнародным становішчам, узрастаннем тэрарыстычнай небяспекі і павелічэннем патокаў нелегальнай міграцыі. Асобна Кіраўнік дзяржавы спыняецца на тэмах бязвізавага ўезду для грамадзян 80-ці дзяржаў і стварэння ў Беларусі цэнтраў часовага ўтрымання мігрантаў.

Андрэй Крывашэеў пра стратэгічныя задачы і тактычную пазіцыю на вышэйшым узроўні.

Подпіс Прэзідэнта пад штогадовым рашэннем на ахову дзяржмяжы - толькі на першы погляд рытуал для галоўнакамандуючага, пагранічнікаў і ўсіх сілавікоў, якія адказваюць за бяспеку. Як паказаў вопыт суседзяў з Еўрасаюза, адсутнасць выразнай тактычнай пазіцыі на вышэйшым узроўні часам каштуе народам і дзяржавам вельмі дорага. Міграцыйны хаос, пакуты бежанцаў і мігрантаў, нецярпімасць у грамадстве, радыкалізацыя, этнічная злачыннасць, прывазны і "дамашні" тэрарызм – вельмі высокая, але, на жаль, рэальная цана за пасіўнасць і няўвагу палітыкаў да мяжы. Беларусь вучыцца на чужых памылках, захоўваючы рытуал і развіваючы яго да комплекснай праверкі ўсёй сістэмы бяспекі і тактычнага зачыну на найбліжэйшы год па ахове дзяржмежаў.

Стратэгічна беларускай мяжы заўсёды надавалася павышаная ўвага як з боку Прэзідэнта, так і ў плане фінансавым і тэхнічным. Сродкаў на бяспеку маладая рэспубліка на стыку дзвюх прастор - Садружнасці і Еўрасаюза, а значыць, на жаль, і на стыку інтарэсаў трансгранічнай злачыннасці, не шкадавала ніколі. Нават у самыя цяжкія гады станаўлення і час сусветнага крызісу. Вынікі ўражваюць. Калі яшчэ 15 гадоў таму праз нашу мяжу спрабавалі трапіць да 150 тысяч парушальнікаў за год (гэта і мігранты, і кантрабандысты, і гандляры людзьмі і адкрытыя крымінальнікі), то летась выяўлена толькі 5 тысяч патэнцыйных нелегалаў. Скарачэнне ў 30 разоў! Арганізаваны бандытызм і крымінал - адзінкавыя факты. Ведаючы якасць абароны межаў, Беларусь імкнуцца абмінаць.

Абараняючы сваю мяжу, абараняем межы Еўрасаюза. Міграцыйны крызіс на Поўдні і бяспека на нашым участку - лепшая ацэнка эфектыўнасці Беларусі і яе каштоўнасці для кантынента. А за намі адкрытая мяжа з Расіяй, уся Сярэдняя Азія і тысяча кіламетраў дзяржмежаў з Украінай, якая ваюе.

Прэзідэнт адзначае: з кожным годам праблем менш не становіцца, у новага кіраўніка Пагранкамітэта часу на разварушванне няма, а Еўрасаюз трэба падштурхоўваць да салідарнага фінансавання бяспекі.

Адзін з, на жаль, рэдкіх прыкладаў падтрымкі ЕС - пакуль толькі рашэнне выдзеліць Беларусі 7 мільёнаў еўра на цэнтры часовага ўтрымання нелегалаў. Сума сціплая, рашэнне спела больш чым 10 гадоў, суседзям па аналагічных цэнтрах Брусель ужо дапамог.

Але з-за цяганіны і непразрыстасці праект выклікаў сапраўдны скандал. Цэнтры, якія, па сутнасці, усяго толькі гасцініцы або хосталы, хай і пад аховай, дзе нелегалы могуць у нармальных умовах дачакацца афіцыйнага статусу або экстрадыцыі, некаторыя журналісты назвалі лагерамі, нафантазіраваўшы, што Беларусь гатовая трымаць у сябе парушальнікаў чужых меж і законаў гадамі. Прэзідэнт патрабуе ад Пагранкамітэта разабрацца.

Пагранкамітэт за чалавечыя ўмовы для нелегалаў. Але ў цэнтры размесцяць толькі тых, каго мы ловім самі на сваёй тэрыторыі, і толькі часова - да ўсталявання асобы, цяжару віны і высылкі на радзіму.

Акрамя тэхнічнага абсталявання і інфраструктуры традыцыйна важнае для Прэзідэнта пытанне - кадравае. Аптымізацыя Пагранкамітэта: менш кабінетных спецыялістаў, больш прафесіяналаў на першым метры Беларусі. І яшчэ актыўнае ўцягванне прыгранічнага насельніцтва – гэта іх бяспеку, а часта і жыццё ў першую чаргу абараняюць людзі ў форме.

Беларуская мяжа - гэта не толькі і не столькі жорсткі кантрольны рэжым для парушальнікаў, але і камфорт для законапаслухмяных грамадзян, жаданых у краіне турыстаў, бізнесменаў і ўсіх легальных гасцей краіны. Для іх цэлы кірунак мадэрнізацыі. Электронная чарга на аўтапункце ў Брэсце, электронныя вароты з экспрэс-біяметрыяй у аэрапорце Мінск, бязвізавы Аўгустоўскі канал, міжнародныя, г.з. пашыраныя вароты пад Астраўцом. Так разгружаем літоўскі кардон. Плюс, безумоўна, самае доўгачаканае для партнёраў бязвізавае на 5 дзён наведванне Беларусі праз Нацыянальны аэрапорт. Тым абсурдна гучыць сёння агрэсіўная кампанія супраць візавых паслабленняў.

Таму вось гэтая кампанія ў СМІ. Не ведаю, часам так знаёмішся з заўвагамі гэтых аўтараў і дзіву даешся. Гэта абсалютна людзі, якія не разумеюць сутнасці або спецыяльна нагнятаюць становішча. Хутчэй за ўсё, спецыяльна. Адмена віз не азначае адмену кантролю пагранічнага. Як ён быў, так і ёсць. Цябе абавязкова правераць, хто ты такі - пашпарт, камп’ютарызавана ўсё, так, як у Расіі. Пашпарт прад'явіў, камп'ютар адзначыў. Нармальны чалавек - праходзь, пяць дзён жыві ў Беларусі. Не - камп'ютар адразу пакажа, тэрарыст, не дай бог. Такога ў нас яшчэ не было.

Пагранічныя вароты ў нацыянальнай аэрагавані па факце - самыя бяспечныя, кантраляваныя і надзейныя ў краіне. Празрыстыя для саюзнікаў, бо наладжаны рэгулярны інфармацыйны абмен, і непрыступныя для непажаданых асоб.

За паўтара года, у тым ліку з Расіяй, адпрацаваны ўсё форс-мажоры, адкуль тады "заклапочанасць" на Усходзе, здзіўляецца лідар. Або гэта толькі падстава, каб даймаць саюзніка і ўводзіць сумніўныя пашпартныя праверкі на ўласных межах, іграць на нервах іншаземцаў?

Рашэнне аб абароне дзяржмяжы, новая тактыка на найбліжэйшы год, стратэгічныя задачы і сродкі на мадэрнізацыю сёння абмяркоўваліся падрабязна. Але ўжо за зачыненымі дзвярамі. З мяжы пачынаецца беларуская зямля, бяспека яе грамадзян, а значыць і дзяржаўная таямніца. Каб у любога парушальніка меж не было не тое што шанцу, спакусы паспрабаваць на трываласць беларускі суверэнітэт.

Журналісты па традыцыі змаглі зняць толькі кульмінацыю - змацаванне рашэння на ахову дзяржмяжы подпісам Прэзідэнта.

За гэтым рытуалам - бяспека і дабрабыт кожнага беларуса на тэрыторыі незалежнай, сваёй дзяржавы. Ад першага метра ля мяжы да самага аддаленага кавалачка сваёй жа зямлі.