Магчымасці паглыблення інтэграцыі абмеркавалі ў Магілёве прэзідэнты Беларусі і Расіі

12 октября 2018

Развіццё супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі - адзін з найважнейшых эканамічных прыярытэтаў Беларусі. Аб магчымасцях паглыблення інтэграцыі гаварылі лідары дзвюх краін падчас пленарнага пасяджэння V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Маштабная пляцоўка палітычнага і эканамічнага дыялогу на гэты раз сабрала каля трох дзясяткаў кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў. Узровень кантакту з імі пацвярджаюць канкрэтныя факты. Паміж нашай краінай і ключавымі суб'ектамі Федэрацыі падпісана каля 80 пагадненняў аб супрацоўніцтве, а аб'ём гандлю з гэтымі ключавымі партнёрамі складае больш чым 70 % ад тавараабароту паміж краінамі. І сёння адна з галоўных задач - намеціць асноўныя і прарыўныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва.

Перад пленарным пасяджэннем прэзідэнты правялі двухбаковую сустрэчу. Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў Уладзіміра Пуціна ў Магілёве. Дарэчы, гэтая (трэцяя з пачатку восені) сустрэча лідараў далёка не апошняя. Беларусь і Расія да канца года будуць прадстаўлены на вышэйшым узроўні ў рамках міжнародных самітаў у Астане і Маскве.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за запрашэнне, прадметную арганізацыю сумеснай працы на форуме. Прэзідэнт Расіі ўпэўнены, што мерапрыемствы і вынікі сустрэч на форуме будуць вельмі карыснымі.

Чакаецца, што агульная сума беларуска-расійскіх кантрактаў (па выніках усіх дзён форуму) перавысіць паўмільярда долараў. Акрамя таго, з парадку дня знялі і пытанне, якое так доўга і педантычна абмяркоўвалі аграрныя ведамствы дзвюх краін. На палях форуму Беларусь і Расія канчаткова пацвердзілі і замацавалі подпісамі гандлёвыя балансы на наступны год. Дыялог рэгіёнаў працягвае даказваць сваю эфектыўнасць.