У сувязі з 75-годдзем Вялікай Перамогі Прэзідэнт Беларусі падпісаў закон аб амністыі

18 мая 2020
Актам гуманізму ў дачыненні да грамадзян, якія ўчынілі злачынства, стаў падпісаны сёння Прэзідэнтам закон аб амністыі.  Такія рашэнні ў краіне прымаюцца, як правіла,  у сувязі з асабліва памятнымі падзеямі ў гісторыі. На  гэты раз амністыя падпісана ў сувязі з 75-годдзем Вялікай Перамогі. Амаль 12 тысяч чалавек атрымаюць шанц пачаць жыццё з чыстага ліста. У прыватнасці, каля 5 400 чалавек  змогуць выйсці з месцаў пазбаўлення волі. Больш як 6 тысячам зняволеных скароцяць тэрмін пакарання на адзін год. Абавязковая ўмова, што суправаджае кожную амністыю, - станоўчая  характарыстыка асуджанага, які адбывае пакаранне. Гэта адзін з фактараў, які ўскосна гарантуе выключэнне рэцыдыву. І як вынік -  магчымасць не дапусціць пагаршэння крымінагеннай сітуацыі. Традыцыйна ў так званую льготную катэгорыю трапляюць, акрамя непаўналетніх, цяжарныя жанчыны, адзінокія бацькі, інваліды, хворыя з цяжкімі хваробамі. 

У сувязі са знакавай гістарычнай датай і кіруючыся гуманным падыходам, у адрозненне ад папярэдняй амністыі кола  такіх асоб пашырана за кошт  грамадзян, асуджаных за злачынствы,  звязаныя з незаконным абаротам  наркотыкаў, і карупцыю. 

У дачыненні  да карупцыянераў палітыка дзяржавы застаецца жорсткай

Але тут важна адзначыць:  усім вядома  стаўленне нашага Прэзідэнта да злачынстваў у сферы карупцыі і тых, хто іх учыняе. Барацьба з гэтым злом у краіне вядзецца пастаянна і ўсім вядома - недатыкальных няма. Менавіта таму ўключэнне ў закон гэтай катэгорыі асуджаных выклікала вялікія дыскусіі на нарадзе па праекце гэтага дакумента яшчэ месяц таму ў Палацы Незалежнасці. Аргументаў было шмат, улічаны ўсе аспекты, і сёння рашэнне прынята. Аднак гэта ні ў якім разе не значыць зніжэння градусу барацьбы з тымі злачынствамі, якія ў грамадстве называюць іржой. Гэта адназначнае патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі. 

Дададзім, што амністыя сёлета будзе рэалізавана за рэкордныя шэсць  месяцаў.  Больш падрабязна аб важных рашэннях, прынятых сёння Кіраўніком дзяржавы, глядзіце ў "Панараме".