У пятніцу адбудзецца "Вялікая размова з Прэзідэнтам". Белтэлерадыёкампанія пакажа яго ў прамым эфіры

27 февраля 2019

У пятніцу Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці беларускіх і замежных СМІ. "Вялікая размова з Прэзідэнтам" адбудзецца ў комплексе "БелЭкспа". Такі адкрыты дыялог Кіраўніка дзяржавы з грамадскасцю пройдзе ўжо не ўпершыню. Такі фармат - гэта магчымасць не проста адказаць на пытанні журналістаў, але і напрамую весці дыялог з прадстаўнікамі самых розных сфер. Чакаецца каля 200 удзельнікаў. Пры гэтым задаць сваё пытанне можа кожны. Распавесці пра тое, што хвалюе і патрабуе ўвагі лідара, можна праз анлайн-сэрвіс БелТА і ў акаўнтах агенцтва ў сацсетках. А Белтэлерадыёкампанія пакажа "Вялікую размову з Прэзідэнтам" у прамым эфіры.

Наталля Брэвус падрабязна. "Калі няма закрытых тэм" - так проста і ёміста Прэзідэнт акрэсліў формулу зносін з журналістамі і экспертамі два гады таму. Зрэшты, такога прынцыпу Аляксандр Лукашэнка прытрымліваецца ў любы час у любой аўдыторыі. Тады ў 2017 "усё прайшло на адным дыханні" - успамінае ўдзельнік сустрэчы, кіраўнік прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі "Мір" у Беларусі Уладзімір Пярцоў.

Уладзімір Пярцоў, дырэктар прадстаўніцтва МТРК "Мір" у Беларусі: "Справа ў тым, што зараз наогул вялікі дэфіцыт прамых выказванняў у палітыкаў, тым больш у прэзідэнтаў. Шматлікія кіраўнікі дзяржаў абмяжоўваюцца альбо відэабрыфінгам, альбо брыфінгамі сваіх прэс-служб, альбо твіт-акаўнтамі, яшчэ нейкімі формамі. І вось пачуць тым больш адказы ад першай асобы дзяржавы на надзённыя пытанні - гэта вялікае дасягненне, вялікая каштоўнасць нашых дзён. Таму на гэтую размову едуць не толькі журналісты, кіраўнікі СМІ, але і палітолагі, эканамісты, каб напрамую пагаварыць, задаць свае пытанні, атрымаць адказы ад чалавека, які не проста эксперт, а сам удзельнік вось гэтых глабальных працэсаў, якія адбываюцца прынамсі на постсавецкай прасторы".

Калі кругом шмат фэйкаў і адкрытых спекуляцый, у грамадстве ёсць попыт на адкрытую размову. Таму да гутаркі запрашаюць не толькі прэсу, але і прадстаўнікоў самых розных сфер - палітолагаў, эканамістаў, тых, хто працуе ў рэальным сектары, і тых, хто прадстаўляе грамадскія аб'яднанні і канфесіі. Мінулы раз "Вялікая размова" менш за ўсё нагадвала прэс-канферэнцыю. Больш грамадскую дыскусію. Тэмы гучалі розныя - ад зямных пытанняў пра зарплаты да філасофскіх аб нацыянальнай ідэі. Геапалітычны расклад і тое, як ён уплывае на нашу краіну і тады, і зараз, застаецца ў цэнтры ўвагі.

Зносіны ў такім фармаце заўсёды цікавыя і выклікаюць вялікі рэзананс. Бо гэта тая ўнікальная магчымасць, калі напрамую можна пазначыць праблему, задаць набалелае пытанне і пачуць пазіцыю Прэзідэнта, які, дарэчы, адказвае заўсёды максімальна адкрыта. Як прыхільнікам, так і апанентам. Вядома, для Кіраўніка дзяржавы гэта магчымасць лішні раз адчуць, чым сёння жыве краіна, што хвалюе людзей. Бо з моманту такой сустрэчы ўжо шмат воды выцекла. Шмат што змянілася і ў свеце, і ў нас. "А як у нас будзе?" - прыкладна пад такім агульным рэфрэнам гучаць пытанні, якія тычацца жыцця ўнутры краіны. Як у нас будзе з зарплатамі, адукацыяй, ЖКГ, эканомікай? Растлумачыць нюансы стану спраў у кожнай сферы часам бывае не лішнім.

У найбліжэйшыя два дні магчымасць адрасаваць сваё паведамленне Прэзідэнту будзе ў кожнага. Роля глабальнага агрэгатара пытанняў ад беларусаў на сябе ўзяло інфармацыйнае агенцтва БелТА. Распавесці аб тым, якія тэмы хвалююць, можна праз анлайн-сэрвіс на сайце і ў акаўнтах агенцтва ў сацсетках. Пытанні нашы калегі прымаюць у рэжыме нон-стоп, апрацоўваючы паток паведамленняў.

Сяргей Адзярыха, намеснік гендырэктара БелТА: "Форму можна запоўніць сёння і заўтра ноччу. Хацелася б адзначыць цікавасць да дадзенага мерапрыемства. Паўдня працуем, некалькі сотняў зваротаў з Беларусі і ўсяго свету. Пытанняў паступае вельмі шмат. Найбольш цікавыя і актуальныя пастараемся агучыць падчас "Вялікай размовы", але хацелася б адзначыць, што ўсе пытанні не застануцца без увагі, будуць апрацаваныя і сістэматызаваныя".

"Вялікая размова з Прэзідэнтам" - гэта магчымасць пачуць літаральна кожнага і праліць святло, калі гэта трэба, на тактыку, стратэгію дзеянняў у эканоміцы, на сусветнай арэне, у сацыяльнай сферы. У любым выпадку такая пляцоўка сёння патрэбна, яна становіцца добрай платформай для грамадскага дыялогу.