У Эміратах прайшоў таварыскі хакейны матч з удзелам каманды Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі

28 октября 2014

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з рабочым візітам у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.


Дзелавыя сустрэчы змянілі нефармальныя зносіны. Напярэдадні прайшоў таварыскі хакейны матч паміж камандай Прэзідэнта Беларусі і зборнай ветэранаў хакея Арабскіх Эміратаў. Праўда, паняцце ветэранаў умоўнае. Многія гульцы скончылі прафесійную кар'еру ўсяго некалькі гадоў таму. Гаспадары матча адзначылі высокі ўзровень беларускага хакея. Каманда Аляксандра Лукашэнкі перамагла з лікам 13:7.


Пра відовішчны матч з Эміратаў рэпартаж Наталлі Кірсанавай.


Спартыўны складальнік рабочага візіту Прэзідэнта атрымаўся гарачым, як і сама гэтая краіна, хоць і праходзіў на лёдзе. Хакейны паядынак аматарскіх каманд Прэзідэнта Беларусі і ААЭ скончыўся з лікам 13:7. І гэта той самы выпадак, калі, гледзячы на гульню, забываеш пра тое, што на лёдзе не прафесіяналы, а аматары.


Нягледзячы на тое што Арабскія Эміраты - краіна гарачая і пра развіццё хакея ў ёй мы мала што чулі, гэты від спорту тут папулярны і паспяхова развіваецца. Зборная краіны дэбютавала на чэмпіянаце свету ў трэцім дывізіёне, у Эміратах праводзіцца ўнутраны чэмпіянат, у якім удзельнічаюць каманды, складзеныя з маладых хакеістаў і тых, што заканчваюць кар'еру, з Паўночнай Амерыкі, Скандынавіі і Заходняй Еўропы. За плячамі некаторых нават гульні ў НХЛ. Словам, гуляць у хакей тут умеюць, матч абяцаў быць гарачым, што пацвердзілася крыху пазней.


Былі высокія хуткасці, вострыя моманты і часам далёка не аматарскі напал. Часцей за іншых гэтым вечарам з вуснаў дыктара па стадыёне гучала прозвішча Лукашэнка - самы юны ўдзельнік матча, малодшы сын Прэзідэнта Мікалай закідвае дзве шайбы. На рахунку Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі яшчэ тры дакладныя кідкі.


Да матча беларусы рыхтаваліся сур'ёзна, прызнаецца капітан каманды Прэзідэнта Міхаіл Захараў. Многія імёны сапернікаў знаёмыя па хакеі прафесійным. Некаторыя хакеісты каманды Эміратаў пайшлі адтуль усяго год-другі таму, але менш умелымі за гэты час не сталі.


Зрэшты, беларусы гэтым вечарам выглядалі больш пераканаўча. Вопыт сур'ёзных турніраў і як вынік зайздросная згуртаванасць, памножаная на майстэрства, зрабілі сваю справу. Шанцаў было няшмат, прызнаюцца хакеісты з Эміратаў, хаць тым больш цікава.


Ахмед Аль-Мазруі, генеральны сакратар урада Абу-Дабі, гулец каманды ААЭ па хакеі: Выдатна! У вас вельмі добрая каманда. Для нас было вялікім гонарам гуляць з вашым Прэзідэнтам. І я спадзяюся, што мы згуляем яшчэ раз у чацвер.


Мяркуючы па ўсім, гісторыя беларуска-эмірацкіх хакейных баталій толькі пачынаецца. Мясцовыя хакеісты ўжо папрасілі аб рэваншы. Ці павязе з Арабскіх Эміратаў каманда Прэзідэнта Беларусі дзве перамогі, даведаемся ўжо ў чацвер.