Узмацніць адказнасць за незаконнае паляванне і рыбалку

4 августа 2013
На гэтым тыдні шырокую агалоску атрымала тэма, якая, на першы погляд, не мае патрэбы ў нейкім асаблівым рэжыме разгляду. Але, як апынулася, гэта толькі на першы погляд. Ужо даўным-даўно на паляванне і рыбалку не ходзяць дзеля пражыцця - сёння гэта хобі. Зрэшты, пакуль для адных абыходжанне са стрэльбай і вудай амаль як рытуал, для некаторых іншых - магчымасць пажывіцца. І вось тут разумееш: парадак палявання і рыбалкі - пытанне куды больш сур'ёзнае, чым проста захапленне. Гэта і прыродная разнастайнасць, і такая важная сёння турыстычная інфраструктура.

Дык вось у правілах паводзін у лясах і ля рэк апынулася занадта шмат белых плям, якія складаюцца ў пагрозлівыя тэндэнцыі. Каб не дапусціць незваротных працэсаў і, нарэшце, увесці гэтую сферу ў цывілізаванае рэчышча, як гэта ёсць у шматлікіх краінах свету, Прэзідэнт на тыдні сабраў вялікую нараду, у якой прынялі ўдзел не толькі праваахоўнікі і спецыялісты профільных ведамстваў, але і кіраўнікі рэгіёнаў. Улічваючы, што тэма паднімаецца ўжо далёка не першы раз, Аляксандр Лукашэнка даў усім прысутным месяц на тое, каб падрыхтаваць дакумент, дзе будуць закрытыя ўсе шчыліны для абыходу правілаў, што існуюць.