Тактыка развіцця эканомікі на 2017-ы - прадмет вялікай нарады ў Прэзідэнта

23 сентября 2016

Як эканоміка спрацавала сёлета, а таксама тактыка развіцця на 2017-ы сёння сталі прадметам вялікай нарады ў Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад эканамічнага блока ўрада і Нацбанка дакладна выконваць рашэнні 5-га Усебеларускага народнага сходу і не спісваць недахопы на неспрыяльны знешні фон. Пры захаванні пэўнай стабільнасці Прэзідэнта не задавольвае "інерцыйны" сцэнарый развіцця і недастатковая мабілізацыя сіл і рэсурсаў для росту. Беларускі лідар запатрабаваў прадметна працаваць над зніжэннем сабекошту і эфектыўнай занятасцю, больш актыўна ўкараняць новыя тэхналогіі, у тым ліку ў кіраванні дзяржактывамі. З падрабязнасцямі - Андрэй Крывашэеў.

Цяжкая і крытычная гутарка Прэзідэнта з эканамічным блокам урада ў шырокім складзе наспявала апошні месяц як мінімум. Па-першае, традыцыйна ў пачатку восені ў першым набліжэнні разглядаецца праект бюджэту. Па-другое, эканоміка краіны сёння не ў лепшай форме, а яе балявыя пункты лідар напярэдадні праінспектаваў асабіста і на месцах, аб'ехаўшы ўсе вобласці. Па-трэцяе, цяжкім грузам на рэальны сектар і прыбыткі дзяржказны леглі нялёгкія перамовы па пастаўках сыравіны з Расіі. Ледзь акрыяўшы пасля складанага 15-га года, эканоміка ўстала на слізкія рэйкі нявызначанасці.

Нарэшце, галоўны ўнутраны фактар: гэты год першы ў пяцігадовай стратэгіі. Ад яго залежыць, як стартуе эканоміка, які тэмп возьме на ўсю пяцігодку. Адсядзецца сёння - значыць "гнаць вал" у будучыні. Адсюль жорсткі напамінак Кіраўніка дзяржавы - ні кроку ў бок ад стратэгіі, прынятай на 5-м Усебеларускім вечы.

З якімі паказчыкамі прайшлі першыя 9 месяцаў - пра гэта даклад кіраўніка ўрада. Агульная характарыстыка - сцэнарый "неспрыяльны", а часта і зусім "стрэсавы".

Ёсць і ўнутраныя праблемы - хоць невялікае, але зніжэнне прадукцыйнасці працы і інерцыя ў кіраванні дзяржактывамі - гэта і прадпрыемства, і закінутыя плошчы, і бізнес-планаванне на месцах і ў холдынгах.

Насцярожанасць Прэзідэнта выклікае заспакоенасць макрастабільнасцю. Тут як у сярэднім па бальніцы - тэмпература на ўсіх 36,6. Але адзін завод або агракомплекс ліхаманіць, а другі ўжо "астыў" з зачыненым на замок (рэгламенты і ветдаведкі) расійскім рынкам. Кіраўнік дзяржавы патрабуе ліквідаваць любую інертнасць як у пастаноўцы дыягназу па канкрэтных галінах, так і ў мерах рэагавання.

Справядлівасці дзеля - ёсць у эканоміцы і "светлы бок". У прыватнасці, моцны нацыянальны рубель і рост золатавалютных рэзерваў. Плюс паўмільярда долараў за 9 месяцаў. Зніжаецца інфляцыя, а ў жніўні і зусім цэны крыху адкаціліся. Такога не было апошнія 7 гадоў. Плаўна скарачаецца кошт крэдытных грошай. Няльготныя новыя пазыкі для бізнесу выдаюць ужо не пад 40, а пад 23,5 працэнта. Хоць і гэта шмат. У знешняга гандлю - дадатнае сальда пры разгружаным складзе.

Сяргей Навіцкі, намеснік старшыні савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі: "У асноўным, вядома, гэта тычыцца кошту грошай, крэдытных рэсурсаў. Чым таннейшыя грошы, тым большыя інвестыцыі. Але тут не трэба забываць, што гэтыя грошы, якія мы зможам, дапусцім, у эканоміку накіраваць, залішнія, не вярнуліся ў нас у выглядзе павелічэння кошту рубля нашага, не вярнуліся зноў купляй долараў і т.д.Тут простых рэцэптаў няма, але я бачу рост эканомікі, тое, што гаварыў Прэзідэнт, у галіне ведаў, у галіне аказання сэрвісных паслуг. За апошнія пяць гадоў мы можам назіраць, што ідзе стабільны рост ВУП у галіне аказання сэрвісных паслуг. Гэта IT-тэхналогіі".

Самыя жорсткія дыскусіі на нарадзе аб тым, як пераадолець інэрцыю. Па экспарце колькі ні біліся, каб учапіцца за новыя рынкі (той жа Еўрасаюз, Блізкі Усход, Персідскі заліў, за Афрыку і Лацінскую Амерыку), геаграфія паставак звужаецца. Гаспадары заціскаюць пратэкцыянізмам, квотамі, а часам і проста палітычнымі рашэннямі ў бізнесе. Ёсць і наша ўнутраная бяда - дырэктарат часам больш спадзяецца на ўрад і льготы, чым на свой маркетынгавы і экспартны аддзелы.

Міхаіл Чэпікаў, старшы выкладчык эканамічнага факультэта БДУ: "Каб людзі ведалі, што гэта рэальная праблема, што калі яны не будуць добра працаваць, шукаць партнёраў, сыравіну, рынкі, яны проста страцяць працу, яны страцяць свае прыбыткі, і будуць далей праблемы. А калі яны лічаць, што гэта адбываецца з-за ўрада, гэта ўскладняе сітуацыю. Яны сядзяць і чакаюць, калі ім дадуць нейкіх ільготных крэдытаў і субсідыі. Гэта з двух бакоў забівае працэс. Па-першае, яны нічога не робяць, каб развіць вытворчасць. А па-другое, крайнім яны будуць заўсёды рабіць урад. Таму што гэты ўрад павінен знайсці ім, куды прадаваць прадукцыю. Але гэта ж не так. Нідзе ў свеце так не робіцца".

Занятасць. Права чалавека на працу і годную аплату як найважнейшы сацыяльны прыярытэт гразне ў бюракратыі і няспрытнасці. Дзесьці новае абсталяванне не спяшаюцца ўводзіць у строй, дзесьці з-за слабога аддзела продажаў прастойвае вытворчасць. Прэзідэнт нагадвае: 50 тысяч эфектыўных працоўных месцаў штогод. Гэта закон, змацаваны рашэннем Усебеларускага сходу. З рацыянальных прапаноў з нарады - паскораная дапрацоўка законаў на карысць малога і сярэдняга бізнесу, спрашчэнне падатковай сістэмы і ліквідацыя залішняга бюракратычнага прэсінгу. Плюс ужо закладзенае ў праект бюджэту на будучы год скарачэнне саміх дзяржслужачых, але з прэмаваннем астатніх.

Георгій Грыц, намеснік дырэктара Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі: "Ёсць вельмі вялікія рэзервы ў аптымізацыі знешніх гандлёвых струменяў. Гэта памяншэнне долі непатрэбных абсалютна пасрэднікаў знешнегандлёвых паміж нашымі гандлёвымі дамамі і пакупнікамі, гэта памяншэнне рызыкі за кошт так званых фірм-аднадзёнак, якія і фарміруюць дэбіторскую запазычанасць, якая перавышае ўжо шматлікія мільярды долараў. Гэта ненармальна. Таму з гэтага пункта гледжання і з пункта гледжання з'яўлення новых пунктаў росту, як той жа беларуска-кітайскі індустрыяльны парк".

Менавіта на ўнутраны рынак і ўнутраны патэнцыял арыентуе Прэзідэнт. Інавацыйны бізнес і тэхналогіі будучыні ўжо сёння. Паніжэнне сабекошту - а гэта ключ да канкурэнтнага кошту на любым рынку і дзелавая хватка. Ніякіх апраўданняў знешнім неспрыяльным фонам лідарам не прымаюцца.

І ўсё ж адзін знешні фактар - сыравінны - абысці немагчыма. Зацягванне перамоў па расійскім газе супраць саюзнай логікі і скарачэнне паставак нафты насуперак узгодненым балансам. Для эканомікі гэта нават больш балюча, чым падзенне цэн на калій.

Першымі вуглевадародную спрэчку адчула на сабе нафтаперапрацоўка, хоць спецыялісты запэўнілі: паліўны голад беларусам не пагражае.

Сяргей Каморнікаў, намеснік гендырэктара РУП ВА "Беларуснафта": "Памяншэнне паставак нафты на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы не датычыцца сітуацыі на ўнутраным рынку, г.з. унутраны рынак стабільны і забяспечваецца нафтапрадуктамі. Мы не чакаем нейкага дэфіцыту, таму што ёмістасць рынку істотна меншая. Яна ў 5-6 разоў ніжэйшая, чым магутнасць нафтаперапрацоўчых заводаў. Таму мы чакаем, што забяспечым цалкам унутраны рынак і будзем імкнуцца цалкам закрыць усе доўгатэрміновыя экспартныя кантракты".

Пры гэтым з-за нечаканага, несаюзнага і недружалюбнага жэсту Беларусь ужо страціла 3 дзясятыя працэнта ВУП. У працэнтах на паперы здаецца трохі, але на практыцы - хваравітая сума, якая адскокам б'е па ўсёй эканоміцы - тлумачыць прэм'ер.

Ад бягучых праблем да тактычных гарызонтаў. На нарадзе падрабязна разбіраюць і прагноз эканомікі, і праект бюджэту - 2017. Тут ва ўрада два сцэнарыі: базавы (больш-менш камфортныя знешнія ўмовы) і кансерватыўны (без спадзявання, што рэгіянальнай эканоміцы стане лягчэй і цэны на нафту падрастуць).

Да лічбаў. Цэны будуць расці яшчэ больш павольна - менш як 9% за год. Рост ВУП, наадварот, паскорыцца звыш 1,5. У асноўным за кошт экспарту тавараў і паслуг (рэсурс класічны і надзейны). Важна захаваць станоўчае сальда (прадаваць больш, чым купляць) і павялічыць прадукцыйнасць (г. зн. атрымаць эфект ад мадэрнізацыі). З гэтым звязваюць і рост рэальнай зарплаты, і зніжэнне крэдытных ставак да ўжо прызабытых 17-18%.

Ёсць у праекце бюджэту і прафіцыт (па-народнаму заначка) на 1,5 мільярда новых рублёў. Як яе патрацяць, тлумачыць Андрэй Кабякоў.

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Я думаю, нікога ўжо не здзіўляе, што ў Беларусі прафіцытны бюджэт. Так было ў 2015 годзе, і мы яго адназначна вытрымлівалі, і ў 2016 годзе. І на 2017 год мы таксама плануем прафіцытны бюджэт. Гэтыя 1,5 мільярда мы закладваем для таго, каб мы мелі магчымасць разлічвацца па знешніх даўгах. Вы ведаеце, што Кіраўніком дзяржавы ўзгодненая стратэгія, якую распрацаваў урад разам з Нацыянальным банкам, аб тым, што мы павінны будзем у найбліжэйшы час сама меней палову знешняга доўгу пагашаць за кошт уласных рэсурсаў, а палову рэфінансаваць. З тым, каб за 5-6 найбліжэйшых гадоў знізіць знешнюю пазыковую нагрузку".

У цэлым бюджэт звярстаны прагматычна і захоўвае сацыяльныя гарантыі. У прыватнасці, на адукацыю і здароўе плануецца патраціць нават больш, чым сёлета. Будзе прадоўжаная падтрымка мадэрнізацыі АПК і льготнага будаўніцтва жылля. Апераджальнымі тэмпамі будуць расці зарплаты бюджэтнікаў. Гэта тыя ж урачы і настаўнікі.

Такі праект бюджэту пасля ўліку патрабаванняў Прэзідэнта і карэкціроўкі ўжо ў кастрычніку паступіць на разгляд у новы парламент, каб і бізнес, і грамадства ведалі, да якой тактычнай мэты будзе ісці эканоміка ў 2017 годзе.

Праца беларускай эканомікі сёлета нагадвае выступленне артыста-віртуоза на сцэне глабальнай эканомікі ва ўмовах вайны. Не паспявае маэстра выканаць новую складаную праграму без страхоўкі (гэта праца ва ўмовах трохразовага падзення цэнаў на нафту), як партнёры па трупе скарачаюць рэквізіт (гэта аб паніжэнні паставак сыравіны з Расіі і падзенні цэнаў на ключавыя пазіцыі нашага экспарту).

Толькі-толькі выканаўца рэжа райдар да пражытачнага мінімуму (жорсткая бюджэтная эканомія), як на сцэне выключаюць абаграванне (гэта пра новую амаль халодную вайну ў Еўропе, у тым ліку санкцыі і пратэкцыянізм).

Зрэшты, пакуль да антракту далёка. Спакой маэстра (ураду і вытворцам) толькі сніцца, і даіграць свой нумар стабільна, спакойна і на прыўзнятай ноце - яго прамы абавязак.