Сітуацыя на граніцы і вострыя пытанні - Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з кіраўніцтвам сілавога блока краіны

27 сентября 2021

Становішча на дзяржграніцы, міграцыйны крызіс і дапамога Беларусі бежанцам. Гэтыя тэмы наш Прэзідэнт сёння абмеркаваў з кіраўніцтвам сілавога блока.  


Найважнейшым  пытаннем застаецца абарона ўласных граніц. Падстаў для турботы нямала. Мы назіраем актыўныя трэніроўкі прама ля нашых меж. Польшча сцягвае 250 танкаў, набытых у ЗША. Ва Украіне  праходзяць  вучэнні  з удзелам краін НАТА. Фактычна  ідзе засваенне стратэгічнага плацдарму  сіламі ЗША і НАТА. 


 Міграцыйны крызіс набірае абароты


Ускладняецца і міграцыйны крызіс. Становішча  наўмысна пагаршаецца за кошт дзеянняў пагранведамстваў сумежных краін. Пры гэтым іх кіраўніцтва прамым тэкстам абвінавачвае Беларусь у арганізацыі міграцыйнага крызісу. На чарговай сесіі Генасамблеі ААН рэжымы Польшчы і Літвы сінхронна заявілі,  што  Беларусь праз штучнае стварэнне і перапаўненне патокаў мігрантаў  нібы аказвае палітычны націск на Еўрасаюз. Такі паклёп - жаласная спроба адвесці ўвагу ад абуральных фактаў парушэння праў бежанцаў тымі, хто абяцаў ім ахову. Цкаванне сабакамі, збіванні, пагрозы, а ў даважку яшчэ складаныя ўмовы надвор'я - вось з чым сутыкаюцца людзі, вымушаныя бегчы ў пошуках нібы лепшага жыцця ў Еўропу. Беларускі бок неаднаразова прапаноўваў мігрантам сваю  дапамогу. Але яны настойваюць на перамяшчэнні ў краіны, якія іх паклікалі. Тым не менш у Беларусі не могуць застацца абыякавымі да іх лёсу. Пагранічнікі і мясцовыя жыхары працягнуць аказваць усю магчымую дапамогу бежанцам.