Сёння другі дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пакістан

29 мая 2015

У праграме - сустрэча з прэм'ер-міністрам краіны. Чакаецца, што бакі падпішуць шэраг міжурадавых пагадненняў. Усяго іх каля двух дзясяткаў, у тым ліку ў інфармацыйнай і гуманітарнай сферах.

Першы афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан пачаўся напярэдадні. У аэрапорце Ісламабада беларускага лідара віталі кіраўніцтва краіны, рота ганаровай варты, а таксама дзясяткі тэлекамер і нават перасовачная тэлевізійная станцыя. Партрэты ва ўвесь рост і расцяжкі на будынках - сардэчны прыём падкрэсліў, што Аляксандра Лукашэнку тут асабліва чакалі.

Прэзідэнта Беларусі ў Пакістане сустракалі з кветкамі. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка таксама прыляцеў не з пустымі рукамі.

Ужо позна вечарам лідары дзвюх краін селі за стол перамоў у фармаце "адзін на адзін", пасля да іх далучыліся члены афіцыйных дэлегацый. Ключавая тэма - эканамічныя перспектывы супрацоўніцтва дзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што Беларусі і Пакістану трэба сур'ёзна папрацаваць над развіццём эканамічнага складальніка адносін.