У Нацыянальным алімпійскім камітэце абмяркоўвалі праблемы спорту

30 мая 2017

Вялікая размова наспела даўно. Алімпійскага сходу не было больш за 4 з паловай гады. А пытанняў сабралася нямала. І вось лёсавызначальнае мерапрыемства для галіны сабрала эліту беларускага спорту. Атлеты, трэнеры, кіраўнікі федэрацый, спартыўныя функцыянеры - усяго каля 200 чалавек. Прадмет гутаркі - сітуацыя ў спорце і шляхі дасягнення поспехаў. З аднаго боку, мы дэманструем свету, што здольныя праводзіць на самым высокім узроўні спаборніцтвы планетарнага маштабу. За гэта нас паважаюць і давяраюць праводзіць новыя. Праз два гады Беларусь прыме Еўрапейскія гульні, а ў 2021 годзе ў нас пройдзе чэмпіянат свету па хакеі. Нашы атлеты залатымі літарамі ўпісваюць свае імёны ў сучасную гісторыю. Сёння зоркі сусветнага спорту - Дар'я Домрачава і Іван Ціхан - на нарадзе побач з Прэзідэнтам. Але з другога боку, мы далёкія ад таго, каб спачываць на гэтых лаўрах, бо пытанні ёсць. І іх нямала. У прыватнасці, нездавальняючае выступленне нашых алімпійцаў у Рыа. І каб яно не стала адным з самых паспяховых, як выказаўся Прэзідэнт, у спартыўнай галіне трэба наводзіць парадак. Ужо зараз. На што варта зрабіць упор, як эфектыўна працаваць на вынік? Вялікая размова пра спорт - у рэпартажы Вольгі Макей.

Алімпійскія гульні, здаецца, ужо даўно перасталі быць толькі гульнямі ў спартыўным разуменні. Гэта адназначна нешта большае. Гэтае не толькі спаборніцтва ў сіле атлетаў, гэта яшчэ і спартыўная дыпламатыя. Бо такія дасягненні часам куды мацней павышаюць імідж дзяржавы. А яшчэ гэта вялікая ідэалогія. Як нядаўна звяртаў увагу Прэзідэнт, спаборніцтвы глядзяць мільёны, а перамогі або паражэнні, вядома, адбіваюцца на настроі людзей. Бо, згадзіцеся, усе мы куды больш радасна дзелімся менавіта добрымі спартыўнымі навінамі.

Алімпійскія гульні ў Рыа паглядзелі амаль 5 мільёнаў беларусаў (даследавалі толькі гарадское насельніцтва краіны). І не проста глядзелі, а ўсе разам, згуртаваўшыся, хварэлі і хваляваліся, радаваліся і перажывалі.

Адчуць алімпійскія эмоцыі і пабываць на месцы спартсмена сёння можа кожны, для гэтага дастаткова трапіць на экскурсію ў музей у штаб-кватэры НАК. Напрыклад, на гэтым стралковым трэнажоры можна праверыць сваю трапнасць.

А гэтая віртуальная сістэма лёгка перанясе на сапраўдны лёгкаатлетычны стадыён. Паспрабуем кінуць кап’ё.

Напрыканцы перанясёмся ў сталіцу Алімпіяды і зробім фота на памяць.

Сёння ў будынку НАК шматлюдна. Амаль 200 удзельнікаў алімпійскага сходу. Гэта эліта беларускага спорту. Тут можна сустрэць і алімпійскіх медалістаў, і ветэранаў спорту, тых, хто гадуе будучых чэмпіёнаў, і спартыўных функцыянераў.

Гэтую вялікую гутарку аб спорце Прэзідэнт анансаваў задоўга і не раз. Нібыта намякаючы, што трэба яшчэ раз дэталёва ўсё абдумаць. Па сутнасці, трэба знайсці няпростае рашэнне спартыўнай формулы трох П: праблемы, прычыны, перспектывы. Шукаць адказы на ўсе пытанні трэба будзе абноўленаму складу спартыўнай вертыкалі - апошні час змянілася кіраўніцтва шматлікіх федэрацый. Сёння абралі і кіраўніцтва НАК. Першы віцэ-прэзідэнт, зараз ужо афіцыйна, Андрэй Асташэвіч, віцэ-прэзідэнтамі абраныя таксама рэктар Універсітэта фізічнай культуры Сяргей Рэпкін і кіраўнік Федэрацыі хакея Сямён Шапіра. Аднагалосна падтрымалі і кандыдатуру Прэзідэнта НАК - Аляксандра Лукашэнкі.

Склад Нацыянальнага алімпійскага камітэта павялічыўся на 10 чалавек. Зараз іх 115. У выканкам увайшлі і знакамітыя спартсмены, Ціхан, Чаркашына, Баскаў. Перад тым як пачаць дэталёвае абмеркаванне ключавых відаў спорту, Аляксандр Лукашэнка цікавіцца нюансамі працы Алімпійскага камітэта. Напрыклад, справаздачу рэвізійнай камісіі па фінансавых пытаннях адправяць на праверку ў дзяржкантроль. Аб выніках паведамяць усім членам НАК, але апетыты варта зменшыць. Ды і аптымізацыя на 25 % дазволіць накіраваць сэканомленыя сродкі на падтрымку спорту.

З папярэдняга алімпійскага сходу прайшлі 4 з паловай гады. За гэты час зроблена нямала: захавана сістэма дзяржпадтрымкі спорту, НАК набыў аўтарытэт на міжнароднай арэне, ды і Беларусь стала адным са спартыўных цэнтраў Еўразіі, прыцягваючы найбуйнейшыя спаборніцтвы. Праз 2 гады - Еўрапейскія гульні, праз 4 - чэмпіянат свету па хакеі. Беларусь даказала сабе і ўсяму свету, што здольная прымаць любыя самыя маштабныя спаборніцтвы.

Аглядаючыся на мінулы алімпійскі цыкл, пачуцці дваякія: калі атлеты зімовых Гульняў у Сочы парадавалі, то ўражанні ад Рыа не такія адназначныя. Яшчэ да старту галоўных Гульняў чатырохгоддзя замежныя аналітычныя агенцтвы прагназавалі беларусам 7 медалёў. Заваявалі 9. Хтосьці скажа - антырэкорд. Так, з летніх Алімпіяд прывозілі і больш. Але і зборная ў 2016 аказалася самай малой за ўсю суверэнную гісторыю - 124 атлеты.

Поспехі ў скачках на батуце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, кіданні молата Прэзідэнт называе хутчэй адзіночнымі яркімі ўспышкамі, а 40-е месца ў медальным заліку - правалам. У гульнявых відах Беларусь была прадстаўлена толькі жаночай баскетбольнай камандай, якая падарыла напружаныя паядынкі з розніцай у 1-2 мячы. Значыць, сапернікі па сілах. Але ў Рыа не трапілі футбалісты, гандбалісты і валейбалісты. Не вылучыліся і індывідуальныя віды. Хоць на камерцыйных стартах у многіх вынікі значна лепшыя за алімпійскія.

Спартыўнай галіне дзяржава аказвае каласальную падтрымку. Вядома, у адказ чакае і годны вынік. Аляксандр Лукашэнка прапануе ў першую чаргу вызначыць перспектыўныя і патэнцыяльна медальныя віды - асноўную падтрымку накіраваць туды. Барацьба за яе павінна быць не на паперы, а на стадыёне. Заваявалі ліцэнзіі або медалі - датацыі павялічацца. Паляпшэння патрабуе і сітуацыя ў дзіцяча-юнацкім спорце. Бо менавіта ён - беларускае алімпійскае заўтра.

Французскія хлапчукі бяруць аўтографы ў Максіма Мірнага, хоць, напэўна, мараць узяць урок. Але алімпійскі чэмпіён і гуляючы трэнер праводзіць майстар-класы ў Мінску, дзе ўжо 7 гадоў працуе яго тэнісная школа. Сям'ю Мірных наша здымачная група заспела на прэстыжных кортах "Ралан Гарос", дзе гэтымі днямі праходзіць турнір French Open. Нягледзячы на шчыльны трэніровачны графік, ад інтэрв'ю не адмаўляюцца.

Пакуль у школе Максіма Мірнага дзеці трэніруюцца да 12 гадоў. Мара - стварыць сапраўдную акадэмію тэніса з поўным цыклам, дзе можна будзе рыхтаваць спартсменаў ад першага знаёмства з ракеткай да прафесійнага ўзроўню. Для гэтага не хапае адкрытых тэнісных кортаў з рознымі пакрыццямі і інтэрната. Але пакуль узводзіць такія аб'екты нерэнтабельна.

Праблемныя пытанні ў спартыўнай сферы ёсць і ў рэгіёнах. Спортаддзелы ў раёнах сумясцілі з аддзеламі адукацыі. Часам выходзіць так, што падрыхтоўкай атлетаў займаюцца па рэшткавым прынцыпе. Прэзідэнт прапанаваў замацаваць у гаррайвыканкаме як мінімум аднаго спартыўнага спецыяліста, які б падпарадкоўваўся кіраўніцтву. Застаецца пытанне і з загрузкай інфраструктуры. Сучасныя спортаб’екты не павінны пуставаць, важна, каб яны з'яўляліся там, дзе яны сапраўды патрэбныя.

Гэта Жлобін. Ультрасучасны цэнтр алімпійскага рэзерву ўключае Лядовую арэну, басейн, залу гульнявых видаў спорту, лыжа-ролерную трасу і цэнтр веславання. Для невялікага горада выбар заняткаў - як у мегаполісе. Таму тут канкурэнцыя за перспектыўных дзяцей ужо паміж спартыўнымі секцыямі. Напрыклад, заняткі па веславанні дазволена пачынаць з 10-12 гадоў, але да гэтага часу, як правіла, усе самыя фізічна цягавітыя хлопцы ўжо даўно вызначыліся з іншымі секцыямі.

І ўсё накшталт бы складваецца: выдатны водны рэсурс, закупляюцца лодкі, кошт якіх, дарэчы, каля 4 тысяч долараў. Але адкрытым застаецца пытанне з канкурэнцыяй за вучняў. Шукаць на яго адказ як раз і павінны трэнеры: зацікавіць наймацнейшых, а потым іх утрымаць. У тым ліку і ў гэтым тая самая кваліфікацыя спартыўнага выкладчыка, аб якой не раз гаварыў Прэзідэнт. Часта і за немалыя грошы запрашаем замежных коўчаў. Трэба і з гэтага здабываць сваю цікавасць, як мінімум - пераймаць вопыт. А разам з ім ініцыятыўнасць і фанатычнасць у працы.

Сістэму падрыхтоўкі трэнераў аптымізуюць. Ёсць спецыялізаваная ВНУ, вышэйшая школа трэнераў, а высакакласных спецыялістаў можна пералічыць па пальцах. Сістэму падрыхтоўкі Прэзідэнт даручыў выстройваць Сяргею Рэпкіну, рэктару ўніверсітэта фізічнай культуры. Дарэчы, студэнцкі спорт можа стаць сур'ёзнай апорай для прафесійнага. Аднак такую сістэму, а даручэнні гучалі не раз, Мінадукацыі выстраіць так і не атрымалася. Перад Ігарам Карпенкам Кіраўнік дзяржавы ставіць задачу - больш актыўна працаваць у гэтым кірунку. Павольна вырашаюцца і пытанні ў спартыўнай медыцыне. Спецыялісты РНПЦ спорту павінны стаць асновай комплексных навуковых груп. Асноўная іх задача - падрыхтоўка спартсменаў да Алімпіяды. Зрэшты, спецыялісты ўжо вывучылі кліматычныя асаблівасці маючых адбыцца зімовых стартаў у Паўднёвай Карэі.

З тэмы медыцыны выцякаюць і пытанні допінгу. Мельдоніевая паніка ў спартыўным свеце стукнула і па рэпутацыі беларускіх атлетаў. З іншага боку, прыходзіцца супрацьстаяць і беспадстаўнаму ціску.

Вернемся ў Бразілію. Беларускі гімн па той бок Атлантыкі мог гучаць значна часцей, прыедзь туды, напрыклад, мужчынская зборная па байдарках і каноэ. Рэальныя прэтэндэнты на 2-3 медалі апынуліся ў той самай мельдоніевай пастцы. Падазрэнні ВАДА сталі перашкодай для нашых весляроў, адкрыўшы шлях на п'едэстал спартсменам з іншых краін. А ў лютым антыдопінгавае агенцтва і зусім зняло з беларусаў усе абвінавачанні ва ўжыванні забароненых рэчываў. Выходзіць, каманду Шантаровіча проста пазбавілі магчымасці заваяваць медалі ў Рыа.

Самае галоўнае пытанне, якое сёння лунала ў зале алімпійскага сходу - а што ж будзе заўтра? Хто будзе здабываць тыя самыя медалі для Беларусі ў будучыні? На каго спадзявацца балельшчыкам? Старшыня федэрацыі біятлона тлумачыць: у пошуках новых чэмпіёнаў аб'ехалі ўсю краіну.

Адзін з самых паказальных прыкладаў пераемнасці сёння ў фрыстайле.

У батутнай зале бок аб бок з алімпійскімі чэмпіёнамі Алай Цупер і Антонам Кушнірам трэніруюцца тыя, хто зусім нядаўна трапіў у нацыянальную каманду, але ўжо можа пахваліцца чэмпіёнскімі тытуламі. З нядаўняга юніёрскага чэмпіянату свету, напрыклад, прывезлі адразу два медалі. Пачынаючы з гульняў у Нагана, лыжныя акрабаты з Беларусі рэгулярна бяруць медалі, у суверэннай гісторыі - тры алімпійскія чэмпіёны ў гэтым відзе спорту. Традыцыі будуць працягнутыя, упэўнівае двухразовы прызёр Алімпіяды, а цяпер трэнер моладзі Дзмітрый Дашчынскі.

Прэзідэнт прызнаецца: сочыць за трэніровачным працэсам фрыстайлістаў, але ў новым спартыўным цэнтры яшчэ не пабываў. У планах наведаць трэніроўкі лыжных акрабатаў і біятланістаў.

Як палепшыць вынікі - свае прапановы агучвае міністр спорту. Стаўкі на медальныя віды, навукова-метадычнае суправаджэнне, умацаванне трэнерскіх кадраў і стымулы. Прыклады ўжо ёсць…

Аляксандр Шамко, міністр спорту і турызму Беларусі: "Сёння важна захаваць спецыялістаў, як гавораць, са школьнай лаўкі. Тыя, якія сёння прыйшлі з вучылішча алімпійскага рэзерву, з нашага ўніверсітэта, гэтая праблема ўжо вырашаецца. Ёсць добры прыклад: у горадзе Мінску Саветам дэпутатаў прынята рашэнне па даплаце маладым спецыялістам. І гэта добры стымул, прынята рашэнне па пазачарговым даванні арэнднага жылля. Гэта таксама стымул для трэнера".

А вось што датычыцца спартсменаў, ёсць і тыя, каму дадатковыя стымулы зусім не патрэбныя. Сімвалічна, але сёння яны побач з Прэзідэнтам, і менавіта іх Кіраўнік дзяржавы ставіць у прыклад. Зацятасць Дар'і Домрачавай, якая фактычна, не пабываўшы ў дэкрэтным водпуску, вярнулася ў спорт, і неверагодная воля да перамогі Івана Ціхана, які пасля працяглай паўзы даказаў і сабе, і канкурэнтам, што ён не толькі моцны ў кіданні молата, але, што больш важна, - моцны духам.

Ужо пазней знакамітыя спартсмены падзеляцца: у іх дысцыплінах ёсць каму перадаць чэмпіёнскую эстафету. Балельшчыкам будзе за каго хвалявацца, гледзячы ў сектар для кідання або на біятлонную трасу.

Вядома, іх перамогі матывуюць не толькі юных спартсменаў, але і ўсіх нас. Зацятасць і праца тых, хто выходзіць на алімпійскія стадыёны, - стымул для кожнага і прыклад веры ў сябе. Гэтая вялікая гутарка аб спорце даказала: у іх верыць краіна, а высокія вынікі ніколі не застануцца без увагі дзяржавы. Разам з тым, за няўдалыя выступленні, вядома, спытаюць.

Здаецца, яшчэ не згаслі ўражанні ад Алімпіяды ў Рыа, а не за гарамі і галоўны зімовы старт чатырохгоддзя. Алімпійскія гульні ў Пхенчхане - ужо гэтай зімой. Аб гэтым нагадвае лічыльнік на праспекце Пераможцаў. Аб алімпійскіх пераможцах, безумоўна, мараць балельшчыкі, але куды важнейшае тое, што праз 253 дні ўсіх беларусаў ізноў згуртуе вялікі спорт. Ці не гэта галоўны стымул для нашай каманды?