Рэспубліканская нарада ў Прэзідэнта шырока абмяркоўваецца

11 декабря 2013

Падзея, якая ўзняла самыя актуальныя і значныя пытанні. Напярэдадні на вышэйшым узроўні абмяркоўваліся праблемы ў будаўнічай галіне і праца з кіруючымі кадрамі. У Палацы Незалежнасці сабралася ўся вертыкаль улады. І першым пытаннем стала будаўніцтва. Створаная Прэзідэнтам міжведамасная група выявіла дзясяткі фактаў атрымання хабараў чыноўнікамі УКБаў, прамога крадзяжу забудоўшчыкамі і падрадчыкамі. Найбольш балюча карупцыя б'е па простых людзях. І гэта недапушчальна, упэўнены Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы ставіць мэту: да наступнага лета ў краіне не павінна быць даўгабудаў. Уводзіцца шырокі эканамічны інструментарый барацьбы.

Інструкцыю падрыхтавала прэзідэнцкая камісія, яе ўзгаднілі ўсе ведамствы - ад міністра да сілавікоў. Застаецца прыняць законы і галоўнае - дакладна іх выконваць. Ключавая сфера адказнасці ўлады - сацыяльныя квадратныя метры. У наступным годзе іх будзе пабудавана больш за 800 тысяч. Прычым, у тэрмін, без хаджэння па пакутах і па фіксаваным кошце - сярэднямесячная зарплата.


Ліквідуюць і такі пралом у законе як бясплатныя землі. Гэта практыка параджае карупцыю, а галоўнымі лекамі ад яе стануць празрыстыя аўкцыёны. На нарадзе зроблены поўны зрэз па выканаўчай вертыкалі ў галіны. Падводзячы вынік, Прэзідэнт звярнуў увагу на тым, што ўсе ідэі лягуць у аснову нарматыўных дакументаў - законаў. І новая сістэма павінна пачаць працаваць ужо са студзеня.


Кіраўнік дзяржавы патрабуе ад забудоўшчыкаў перш за ўсё сумленнасці і спыняецца на канкрэтных пунктах - тыпавы дагавор, кошт квадратнага метра, які ў перспектыве па дзяржзаказе не павінен перавышаць сярэднямесячную зарплату па краіне.


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будаўнічая галіна - гэта тая сфера, ад працы якой напрамую залежаць лёсы шматлікіх людзей.