Рабочая паездка Прэзідэнта ў Мінскую вобласць

2 августа 2013
Уборачная ў Беларусі ідзе актыўнымі тэмпамі, апошняя лічба, якую агучылі аграрыі - гэта 3 мільёны тон новага ўраджаю на сённяшні дзень. Тэмпы высокія, але недастатковыя - у тым ліку і аб гэтым ішла размова сёння падчас рабочай паездкі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Мінскую вобласць. На прыкладзе адной гаспадаркі - саўгас Мінскі на базе ДарОРС разгледзеў развіццё ўсіх самых актуальных кірункаў у сельскай гаспадарцы: акрамя уборачнай, гэта нарыхтоўка кармоў, перапрацоўка льну, рэканструкцыя малочна-таварных ферм. Зрэшты, асноўную ўвагу надалі ўсё ж працам у палях. І вось дзве галоўныя лічбы, якія былі агучаныя сёння: скончыць уборку зерневых і зернебабовых гаспадаркі краіны плануюць на працягу 17 дзён. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу, як і летась, - выйсці за 9 мільёнаў тон ураджаю.

Святлана Канапацкая - з падрабязнасцямі. Упартая праца і жорсткая тэхналагічная дысцыпліна - галоўная процівага, якую могуць даць аграрыі сюрпрызам нябеснай канцылярыі. Менавіта тады мэта будзе дасягнутая. Сёння - падчас наведвання Мінскага раёна - Кіраўніку дзяржавы далажылі: Беларусь сёлета атрымае больш за 9 мільёнаў тон ураджаю збожжа. Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тое, што падчас падліку валавога збору збожжа неабходна ўлічваць усе культуры. Як гэта робіцца ва ўсім свеце.
У краіне ўжо намалочана больш як 3 мільёны тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць 33 ц/га. З-за праліўных дажджоў у папярэднія дні тэмпы ўборкі былі некалькі паніжаныя. Аднак аграрыі маюць намер нагнаць прапушчанае. Разлічваюць завяршыць уборку збожжавых культур у аптымальныя тэрміны. Спатрэбіцца 17 дзён.
У Мінскім раёне Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі нарыхтоўкі травяных кармоў. Новая тэхналогія - пакаванне ў палімерныя матэрыялы дае добры вынік. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што сёлета такім спосабам спакавана сенажу амаль у два разы больш за леташні ўзровень. А ў будучым годзе такім чынам будзе нарыхтоўвацца каля трэці сенажу. Гаспадаркі набудуць неабходную тэхніку. Прэзідэнта запэўнілі: падобная форма нарыхтоўкі кармоў спрыяе іх максімальнай захаванасці. А гэта, несумнеўна, уплывае на прадукцыйнасць у жывёлагадоўлі.
У пагоні за навінамі неабходна не выпусціць правераныя гадамі тэхналогіі. Тым больш, калі яны з'яўляюцца візітнай карткай краіны. Кіраўнік дзяржавы выказаўся ў дачыненні льнаводчай сферы. Даручыў пракантраляваць працэс нарыхтоўкі і перапрацоўкі льну.
Паралельна ў Беларусі вядзецца і мадэрнізацыя льнозаводаў. Гэтая праца таксама павінна быць завершаная праз пару гадоў. Прэзідэнту адчыталіся і аб рэалізацыі льняной прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць строгага прытрымлівання графіка ўзаемаразлікаў паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі, занятымі ў дадзенай галіне.
Наступнай тэмай стала развіццё жывёлагадоўчай галіны. Прэзідэнту паказалі рэканструяваную ферму саўгаса Мінскі - адной з гаспадарак, што належаць Міністэрству транспарту. Гэты новы кароўнік унутры больш нагадвае навукова-практычную лабараторыю. Дойка выглядае вось так. Замест даярак працуюць робаты. Лазерна-прыцэльнае трапленне і малако паступае прама ў ёмістасць. Стэрыльна, хутка і якасна. Вентылятары забяспечваюць паступленне свежага паветра, зялёнымі лямпачкамі адсвятляюць спецыяльныя валасянкі, ніводнага надакучлівага насякомага мы не ўбачылі на новай ферме, а спецыяльны самакіравальны апарат забяспечвае бесперабойнае паступленне корму. Генеральны дырэктар ДарОРС, каму належыць і гэтая ферма, з гонарам дакладвае Прэзідэнту.
Падобных ферм у краіне павінна быць 1208. Такое даручэнне даваў Кіраўнік дзяржавы. На сённяшні дзень, паводле інфармацыі Дзяржкантролю, у поўным аб'ёме ўведзена ў эксплуатацыю 397 або 33% ад задання. У Мінскай вобласці такіх ферм 139. Губернатар абяцае: з пастаўленымі задачамі рэгіён справіцца.
Выкананне гэтага даручэння Прэзідэнт будзе трымаць на асабістым кантролі. Бо тут размова не проста аб рэканструкцыі ферм, а аб новых тэхналогіях у жывёлагадоўлі. Без іх шляху на знешнія рынкі будуць закрытыя. Павелічэнне аб'ёмаў прадукцыі таксама залежыць менавіта ад гэтага фактару. Як выглядае сітуацыя на сёння, інфармуе Міністр сельскай гаспадаркі. У мясной галіне па аб'ёмах выпуску прадукцыі дынаміка станоўчая, у малочнай пакуль ёсць адставанне ад мінулага года. Аднак абяцаюць: па выніку года лічбы парадуюць. Чакаецца рост вытворчасці і малака і мяса. Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб тым, што ёсць цяжкасці ў рэалізацыі гатовай мясной прадукцыі, хоць і тут перспектывы малююць аптымістычныя і абяцаюць на працягу месяца-двух сітуацыю выраўнаваць.
Калі даручэнне па будаўніцтве і рэканструкцыі ферм яшчэ толькі ў стадыі рэалізацыі, то наступная тэма - гэта ўжо вынік выканання даручэння Прэзідэнта. Развіццё цяплічных гаспадарак. Калісьці, у цяжкія для краіны поры, што завецца, рабром паўстала пытанне - што рабіць з цяпліцамі. Вялікая частка былі стратныя. Паступалі прапановы адмовіцца ад гэтай працаёмкай работы, прасцей імпартаваць гародніну. Аляксандр Лукашэнка заняў іншую пазіцыю. Даручыў укараняць энергазахавальныя тэхналогіі, гэта каштавала грошай, але пайшлі продажы, праца стала рэнтабельнай. Амаль дзесяцігоддзе прайшло з тых часоў. Час паказаў: курс на развіццё сябе апраўдаў.
Сёння толькі гэтае прадпрыемства пастаўляе на экспарт больш за палову вырабленай прадукцыі. Кветкі, таматы, агуркі, баклажаны, клубніцы. Каб паспяваць за запытамі пакупніка, устанавілі вось гэтую лінію. Пакуль адзіную ў Беларусі па фасоўцы таматаў.
А гэта асаблівая тэма - кветкаводства. Яшчэ некалькі гадоў таму ўся гэтая прыгажосць завозілася ў асноўным з Галандыі. Так магло б і працягвацца, але пытанне вырашылася на карысць беларускіх кветак, праўда, з дапамогай адміністрацыйнага рычага. Добра гэта або дрэнна - адказ у кветкавых магазінах. Каля 30 млн. штук кветак вырабляецца ў краіне, з-за мяжы завозіцца каля 20 млн. Выходзіць, мэта апраўдала сродкі, згаджаюцца ўдзельнікі гутаркі з Прэзідэнтам.
Беларусь у найбліжэйшыя гады можа практычна цалкам забяспечыць свае запатрабаванні ў кветкавай прадукцыі. Складаныя тэхналогіі засвоеныя, а вынік радуе вока і прыносіць прыбытак.
На выставе прадукцыі былі не толькі кветкі. Тут прадэманстравалі ўсё, што выгадоўваюць і вырошчваюць на прадпрыемствах, якія належаць чыгунцы. У ДарОРСа сёння 9. Працуюць паспяхова, перспектыву бачаць. А таму, цалкам магчыма, будуць пашырацца. Ва ўсякім разе, Прэзідэнт ідэю развіцця заўсёды падтрымлівае. Час паказаў. Лепшы доказ - вось ён. Аляксандру Лукашэнку паднеслі букет беларускіх кветак - тое, што калісьці здавалася нерэальнай марай.