Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступны год павінен быць рэалістычным, але выключна напружаным

22 ноября 2017

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад урада, Нацбанка, рэгіянальнай і сталічнай улады. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што будучы год будзе асаблівым. Пасля не самага ўдалага 2016-га, калі эканоміка ўпала на 6 %, удалося выраўнаваць сітуацыю і выйсці на рост, у тым ліку ВУП. Таксама аднаўляецца экспарт і золатавалютныя рэзервы. Бюджэт-2018 захавае сацыяльную скіраванасць - прадугледжаны рост выдаткаў на адукацыю, ахову здароўя і падтрымку шматдзетных сем'яў. Кіраўнік дзяржавы даручыў знайсці сродкі для падтрымкі бюджэтнікаў і ўразлівых груп насельніцтва. Прэзідэнт нагадаў аб даручэннях па сярэдняй зарплаце і рабочых месцах.

На нарадзе з розных бакоў разглядаліся перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Бюджэт і гадавы прагноз – самыя важныя дакументы краіны. Яны вызначаюць, як і чым будзем жыць і зарабляць у 2018-м.

Валерый Барадзеня, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "З сацыяльна арыентаваным бюджэтам разлічваць, што менавіта бюджэт будзе ўплываць прарыўным чынам на развіццё эканомікі, няправільна. Усё-такі эканоміку павінен развіваць бізнес, гэта павінны быць інвестыцыі: прамыя замежныя інвестыцыі, айчынныя інвестыцыі. Бюджэтныя грошы павінны накіроўвацца на патрэбы дзяржавы, на сацсферу. І калі мы гаворым аб развіцці прамысловасці, інавацыйных сектараў, то ў меншай ступені трэба ставіць на бюджэт. А ў большай ступені ставіць на ініцыятыву, на прыцягненне іншых сродкаў з іншых крыніц".

У цэлым, бюджэт-2018 звярстаны эканомна. Хаця лічбы пакуль не канчатковыя. Прамое даручэнне беларускага лідара Мінфіну - скараціць выдаткі на Адміністрацыю Прэзідэнта і ўрад на 10 %. Гэта дадатковы рэзерв на зарплаты і развіццё. І яшчэ адно - пратэрмінаваную запазычанасць беларускім вытворцам за ўжо пастаўлены тавар або паслугі трэба вяртаць у казну і ў бюджэты кампаній. Па выніках Прэзідэнт даручыў да 20 снежня прапанаваць канчатковы праект бюджэту.