Прэзідэнт: Развіццё Мінскай вобласці шмат у чым вызначае развіццё краіны

26 июня 2020
Будучыня гіганта галіны Беларуськалія, перспектыўныя інвестпраекты ў рэгіёнах і магчымасць для кожнага беларуса стаць негарадскім жыхаром. Такім разнастайным быў спектр тэм, якія сёння абмяркоўвалі ў Салігорску. Прэзідэнт сустрэўся там з актывам Мінскай вобласці. Яе развіццё шмат у чым вызначае развіццё ўсёй Беларусі. Рэгіён моцны, эканамічныя паказчыкі вышэйшыя за сярэднія па краіне, але і праблем хапае. Цяперашняя размова - гэта такі маркер далейшай працы для ўсіх: ад губернатара да кіраўніка нават невялікага прадпрыемства. Тым больш наперадзе новая пяцігодка. І, як паказвае жыццё, чакае вялізная барацьба за рынкі, у тым ліку і па калійным гіганце. У 2020 сусветная вытворчасць угнаенняў  упала, але да канца года Беларуськалій плануе нагнаць прапушчанае. Як усёй вобласці не прапусціць час і магчымасці? Падрабязнасці сённяшняй вялікай размовы ў Салігорску ў Ілоны Красуцкай

Салігорск - новы пункт рэгіянальных паездак Прэзідэнта

Салігорск - шахцёрская сталіца. Калі журналісты даведаліся, што сюды будзе камандзіроўка, ведалі з вопыту: Аляксандр Лукашэнка прыедзе паглядзець, як зараз спраўляецца Беларуськалій, але справа гэтым не абмяжуецца. Сустрэчы з актывам вобласці - гэта ўжо класіка ў прэзідэнцкім графіку. 

Чым зараз жыве Мінская вобласць

22 раёны, 24 гарады. Тэрытарыяльна Мінская вобласць -  найбуйнейшы рэгіён краіны, дзе пражываюць амаль 1,5 мільёна чалавек, значыць, і пытанняў больш. Тут вырабляюць калійныя ўгнаенні, БелАЗы, легкавушкі Geely, фармпрэпараты, тут размешчаны знакаміты індустрыяльны парк "Вялікі камень". Часы зараз для ўсіх нялёгкія, прыходзіцца літаральна ўгрызацца ў рынкі. Па аб'ектыўных прычынах прамвытворчасць у рэгіёне зараз крыху прасела, але не крытычна. Дзе зменшылася, там прыбыло. Попыт на прадукты харчавання ў свеце істотна ўзрос, таму спрацавала АПК. Яшчэ адзін добры сігнал: на гэтым няпростым фоне растуць інвестыцыі. 

За паўгода ў Мінскай вобласці адзначаны рост інвестыцый

Вось ужо як паўгода Мінская вобласць - вотчына Аляксандра Турчына. Нагадаем, што пераходзячы на гэтую пасаду, ён пакінуў крэсла першага віцэ-прэм'ера. Тады было шмат размоў, што пасля ўрада для яго гэта ледзь ці не паніжэнне. Але вось па настроі новага губернатара так  не здавалася. Гэта, хутчэй, вяртанне дадому. Рэгіён ведае, працаваў. Ды і ўрадавая хватка нікуды не дзелася, толькі ў дапамогу -  ёміста пра галоўнае, чым зараз жыве вобласць. 

Крызіс - час магчымасцей

Сённяшняя нарада з актывам  - гэта, можна сказаць, дубль 2. Падобнае было адразу пасля прызначэння Турчына губернатарам. Грунтоўна пагаварылі, што трэба яшчэ зрабіць у вобласці. Зарплаты, рабочыя месцы, праца бізнесу. Наогул, важна ўсё - ад эканомікі да сацыяльнай сферы. Але зараз трэба актуалізаваць з папраўкай на акалічнасці ўнутры і звонку. 

Стан нявызначанасці для рынкаў

Штарміць з усіх бакоў. Сыравінныя рынкі з пачатку года церпяць бедства: пандэмія ўплывае на сусветную кан'юнктуру. Пікіруе нафта. Падзенне попыту б'е па цане прыроднага газу. З высокай ступенню нявызначанасці  пандэмію сустракаюць калійныя рынкі. І гэта падстава для пошуку правільнай тактыкі ў працы беларускага гіганта. 

Што бывае пры яе адсутнасці, ведаем, праходзілі. Перадгісторыя на шляху да трэндсетара на сусветным калійным рынку  была зусім невясёлай. Прэзідэнту ёсць што ўспомніць.

Якасць. Экспарт. Імпартазамяшчэнне


Жыццё паказала: запасны план павінен быць у кожнага - ад прыватніка да дырэктарата топавых прадпрыемстваў. Наперадзе - новая пяцігодка. Прэзідэнт нядаўна расставіў прыярытэты: якасць -  экспарт - імпартазамяшчэнне. Шмат чаго, вядома, вырабляем самі. Тут, пэўна, лепшы прыклад нашы прадукты харчавання, ад якіх усе ў захапленні.

Але ёсць і не лепшы: тыя ж камплектуючыя для трактара - дзве трэціх імпарт. Яшчэ адно хваравітае пытанне - зарплата: тысяча рублёў -  сярэдні паказчык для Мінскай вобласці, але так і недасяжны для некаторых яе раёнаў. А рэгіён - прамы працяг сталіцы, і ашаламляльнай розніцы ва ўзроўні жыцця быць не павінна. 

Прэзідэнт: Я жадаю, каб у кожнага беларуса быў лапік зямлі

Так гістарычна склалася, яшчэ з часоў Саюза людзі імкнуліся ў цэнтр, сталіцу.  2020-ы стаў пераломным. З-за пандэміі ўсе захацелі хатку ў вёсцы! Значыць, трэба распрацаваць тактыку, каб Міншчына развівалася імкліва, не аглядаючыся на мегаполіс. Без людзей гэтага не атрымаецца.

Рэгіёны - як лакаматывы развіцця краіны

Зноў і зноў і Прэзідэнт гаворыць пра барацьбу за рынкі, і што дагэтуль на плаву дзякуючы таму, што не спыняліся і не закрыліся. Сказана шмат глабальных рэчаў, але не ад адной Мінскай вобласці ўсё залежыць. Рэгіёны ў гэтым плане, вядома, слупы.  

Нарада з актывам рэгіёна - у графіку Прэзідэнта

Магілёўская, Гродзенская, Брэсцкая, зараз і Мінская вобласць ужо атрымалі ўказанні ад Прэзідэнта. На чарзе, відавочна, Гомельская, Віцебская і Мінск. Графік Прэзідэнта зараз звышнасычаны, пакуль невядомыя даты візітаў. У любым выпадку, у актываў гэтых рэгіёнаў яшчэ ёсць час на падрыхтоўку. Каб было не толькі што пачуць, але і сказаць. Ініцыятыва - гэта зараз яшчэ адна добрая інвестыцыя.