Прэзідэнт сустрэўся з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі

24 августа 2015

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з кіраўніком прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майрай Морай. Еўрапейскі дыпламат завяршае дыпмісію ў нашай краіне. Сумарна ў Беларусі спадарыня Мора прапрацавала  дзесяць  гадоў. Шэсць - паслом Латвіі, чатыры - прадстаўляючы Еўрасаюз. Сам факт сённяшняй сустрэчы, якая, дарэчы, доўжылася паўтары гадзіны, сведчыць аб прызнанні заслуг кіраўніка прадстаўніцтва - асабістым укладзе ў развіццё дыялогу па лініі Беларусь - ЕС. Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікую заслугу Майры Моры ў наладжванні гэтых адносін.

Новым кіраўніком прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску стане нямецкі дыпламат Андрэа Віктарын. Беларусь для яе таксама добра знаёмая краіна. У пачатку двухтысячных Андрэа Віктарын тры гады  была  саветнікам  пасольства ФРГ у Беларусі. Чакаецца, што спадарыня Віктарын прыбудзе ў Беларусь на  пачатку верасня.