Прэзідэнт сабраў нараду па падрыхтоўцы да вялікай справаздачы Саўміна

14 марта 2017

Апроч кадравых рашэнняў, Прэзідэнт сёння сабраў нараду, на якой гаварылі аб падрыхтоўцы да вялікай справаздачы Саўміна.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што мае намер максімальна аб'ектыўна ацаніць працу ўрада. Мяркуецца, што сустрэча пройдзе пасля таго, як стануць вядомыя вынікі першага квартала бягучага года. На ёй абмяркуюць тэндэнцыі і сітуацыю ў эканоміцы. Справаздача Саўміна пройдзе ў пашыраным фармаце. На ёй будуць прысутнічаць больш як 300 чалавек. У прыватнасці, большае прадстаўніцтва Аляксандр Лукашэнка разлічвае бачыць з боку вертыкалі ўлады ў рэгіёнах, дырэктараў прадпрыемстваў і арганізацый - людзей, якія бачаць і ведаюць становішча на месцах.

У 2017 урад глядзіць са "стрыманым аптымізмам". Разлічваюць хоць на мінімальны, але рост ВУП. Дынаміка ў эканоміцы азначылася станоўчая. Хоць апошнія два гады былі складанымі. Прыкметна "ліхаманіла" знешнія рынкі. Было няпроста з прасоўваннем экспарту. Трэба будзе абмеркаваць усе праблемныя пытанні. Сярод пазітыўных момантаў - атрымалася не дапусціць росту цэн. Запаволенне інфляцыі прагназуецца і сёлета. Курс рубля стабільны - ваганні ўжо не выклікаюць панікі. Нацбанк паступова зніжае стаўку рэфінансавання. З заўтрашняга дня - яна апусціцца да адзнакі ў 15%. Выпраўляюцца справы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы - галіны пачалі расці. Скарачаецца лік стратных прадпрыемстваў. Але ніхто не адмяняў пошук новых драйвераў росту для эканомікі.