Прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі пасадкі Дрэва міру і ўстойлівага развіцця

24 октября 2015

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі пасадкі Дрэва міру і ўстойлівага развіцця ў гонар 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны і заснавання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Цырымонія адбылася ў Лошыцкім парку ў Мінску. Разам з Аляксандрам Лукашэнкам у пасадцы дрэва ўдзельнічалі прадстаўнікі ААН, замежныя дыпламаты, якія працуюць у Беларусі. У Лошыцкім парку з'явілася ніцая вішня. Такое ж дрэва было пасаджана з ініцыятывы нашай краіны ў маі ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

Прэзідэнт Беларусі таксама пагутарыў з кіраўнікамі дыпмісій краін-донараў і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый. Пасля ўрачыстай цырымоніі адбылася кароткая экскурсія па музеі Лошыцкай сядзібы. У прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі была падпісаная рамачная праграма ААН па тэхнічнай дапамозе Беларусі ў мэтах развіцця на наступныя пяць гадоў. Подпісы пад дакументам паставілі міністр эканомікі нашай краіны Уладзімір Зіноўскі, пастаянны каардынатар ААН і пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха. Праграма закранае эканамічнае развіццё, адказнае кіраванне, экалагічныя пытанні, прынцыпы зялёнай эканомікі, а таксама ўдасканаленне аховы здароўя і адукацыі.

Учора з чыгуначнага вакзала ў Мінску адправіўся незвычайны спецпоезд. Урачыста ў падарожжа па краіне адправіўся "Экспрэс ААН-70 у Беларусі для Мэт устойлівага развіцця". Сёння ААН афіцыйна святкуе 70-годдзе. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна з юбілеем стварэння арганізацыі. Плануецца, што за час падарожжа "Экспрэса" ў рэгіёнах пройдзе больш за 250 мерапрыемстваў. Сярод іх - семінары, трэнінгі, круглыя сталы, цырымоніі падпісання дакументаў і пасадкі дрэў, а таксама канцэрты артыстаў і выступленні спартсменаў. "Экспрэс ААН" першым з абласных цэнтраў сустрэла Гродна. Заўтра ўвечар цягнік прыбудзе ў Брэст.