Прэзідэнт прыняў з дакладам Віктара Шэймана

23 декабря 2019
Спрацавалі лепш, чым летась. Так ацэньваюць вынікі працы прадпрыемстваў і арганізацый, падпарадкаваных Упраўленню справамі Прэзідэнта.  Пра папярэднія вынікі Аляксандру Лукашэнку  далажыў кіраўнік спраў  Віктар Шэйман. Трэнд пазітыўны. Чакаюць нядрэнную выручку па годзе. Абарот знешняга гандлю таварамі і паслугамі перавысіў 300 мільёнаў долараў. У тры разы скарочана колькасць стратных прадпрыемстваў. Ёсць новыя і перспектыўныя кірункі ў працы, у тым ліку запуск серыйнай вытворчасці пластыкавых лыж. Віктар Шэйман далажыў, як ідзе справа.

З улікам таго што менавіта ён курыруе афрыканскі вектар, падчас сустрэчы ў Прэзідэнта  абмяркоўвалі ход будаўніцтва шэрагу сумесных прадпрыемстваў. Закранулі кадравыя пытанні ў сістэме Упраўлення справамі.

Дарэчы, канец года праходзіць у напружаным тэмпе,  не расслабішся. У Прэзідэнта ў гэты час  маса падзей і сустрэч. Клопаты прыемныя, але ўся нагрузка па забеспячэнні мерапрыемстваў як раз і кладзецца на Упраўленне справамі. Сярод запланаванага і традыцыйная дабрачынная акцыя "Нашы дзеці", і новы фармат  "Венскі баль", які плануецца правесці ў Палацы Незалежнасці ў суботу. Ён пройдзе не без удзелу аўстрыйцаў, якім даўно спадабалася вялізная зала ўрачыстых цырымоній. Мы толькі за.  Гэта лакацыя найлепш падыходзіць для такіх маштабных і прыгожых пераднавагодніх сустрэч.