Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных спраў Грузіі

4 сентября 2017

"Мы вельмі патрэбныя вам, Вы вельмі патрэбныя нам, і заўсёды гатовыя працаваць разам". Аб беларуска-грузінскім супрацоўніцтве сёння гаварылі на сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам замежных спраў Грузіі Міхеілам Джанелідзэ. Нягледзячы на тое, што сустрэча дзелавая, праходзіла яна ў сяброўскай атмасферы. Урэшце не чужыя людзі. Нямала і сумесных старонак гісторыі. Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, грузіны - нашы браты. А гэта, згадзіцеся, важны фундамент узаемадзеяння. Адгэтуль і відавочны прагрэс у развіцці супрацоўніцтва і, што немалаважна, адсутнасць спрэчных пытанняў. Уласна, аб развіцці даверных і бізнес-адносін сёння і гаварылі на сустрэчы ў Мінску. Аляксей Адашкін з падрабязнасцямі.

Більярд для яго ўжо не спартыўны, а бізнес-інтарэс. Кахі Пакацашвілі больш за 30 гадоў жыве ў Беларусі. З невялікага горнага сяла ў Кахеціі ён прыехаў у Мінск, каб займацца барацьбой. Быў чэмпіёнам па самба, але потым вырашыў асвоіць дзелавыя прыёмы. Заснаваў кампанію, якая сёння вырабляе ў Беларусі і прадае ад Партугаліі і да Уладзівастока більярдныя сталы. Гэты высакародны інвентар Кахі пастаўляе і на сваю першую радзіму - у Грузію.

У планах пашырэнне бізнесу. Кампанія Кахі ўжо пачала вырабляць у сухапутнай Беларусі прагулачныя яхты. У бізнесмена пры гэтым яшчэ хапае часу і на тое, каб узначальваць грузінскую дыяспару.

Беларусь стала другой радзімай для трох тысяч грузін. Гэтая дыяспара не самая шматлікая, але адна з самых актыўных і прыкметных. Вось ужо трэці год запар у Мінску праходзіць каларытны і апетытны фестываль "Тбілісоба". Свята ўраджаю па-грузінску спадабалася беларусам.

Знакавым для беларуска-грузінскіх адносін стаў 2015 год. Менавіта тады адбыўся першы ў гісторыі афіцыйны візіт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Тбілісі. Крокі да збліжэння ў адказ не прымусілі сябе доўга чакаць. За кароткі тэрмін тут, у Палацы Незалежнасці, пабываў і грузінскі лідар, і прэм'ер-міністр гэтай закаўказскай краіны. Сёння ў Мінску прымалі віцэ-прэм'ера Грузіі.

На перамовах у Тбілісі два гады таму было падпісана 16 сумесных дакументаў. Тады ж лідары дамовіліся, што двухбаковы тавараабарот павінен дасягнуць 200 мільёнаў долараў.

Беларусь максімальна адкрытая да супрацоўніцтва з гэтай закаўказскай рэспублікай. Аб прагрэсе ў адносінах сёння гаварыў Аляксандр Лукашэнка з грузінскім віцэ-прэм'ерам.

36-гадовы Міхеіл Джанелідзэ ўзначальвае МЗС Грузіі і з'яўляецца віцэ-прэм'ерам урада. Мае вопыт працы ў прыватным сектары. Чатыры гады займаў пасаду намесніка міністра эканомікі і ўстойлівага развіцця Грузіі. Менавіта Міхеіл Джанелідзэ быў галоўным перагаворшчыкам пры афармленні пагаднення аб свабодным гандлі паміж Грузіяй і ЕС. Падчас візіту ў Мінск гэты высокапастаўлены дыпламат асаблівую ўвагу надаў развіццю гандлёвых і інвестыцыйных сувязяў з нашай краінай.

Сваё дружалюбнае стаўленне да Сакартвела Беларусь змагла даказаць на справе ў канцы гэтага лета. У Баржомскай цясніне тыдзень працягваўся маштабны пажар, які пагражаў знішчэннем унікальных лясоў. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію накіраваўся верталёт Мі-26 авіяцыі МНС. Беларускія ратавальнікі за час працы скінулі амаль 1000 тон вады. Міхеіл Джанелідзэ сёння падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за дапамогу.

Узаемаразуменне на палітычным узроўні дазваляе ўмацоўваць узаемную эканоміку.

Летась тавараабарот Беларусі і Грузіі склаў каля 73 мільёнаў долараў. У параўнанні з 2015 - рост на 63 %. Прычым наш экспарт павялічыўся ў 2,5 раза. Узаемная эканоміка працягвае ісці ўверх. Сёлета тавараабарот ужо павялічыўся на траціну.

Сёння мы пастаўляем у Грузію чыгуначныя і трамвайныя вагоны, малочныя прадукты, грузавікі і лекі. У зваротным кірунку атрымліваем алкагольныя напоі, нафтапрадукты, вакцыны і сыраваткі, мінеральную ваду.

Летась у прыгарадзе Тбілісі пачалі збіраць беларускія трактары. У мадэльным радзе - чатыры віды машын.

Сёння на сустрэчы міністраў замежных спраў абмяркоўвалі новыя двухбаковыя праекты. У прыватнасці, у Грузіі ў хуткім часе пачнуць вырабляць магілёўскія ліфты.

Міністр замежных спраў Беларусі звярнуў увагу на развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі. У студзені-чэрвені 2017 года тавараабарот Беларусі з Грузіяй склаў $53,3 мільёна і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 павялічыўся на 28,4 %. Разам з тым Уладзімір Макей канстатаваў, што краінам пакуль не ўдалося дасягнуць вызначаных мэт. "Але мы знаходзімся на шляху да гэтага", - адзначыў ён. "Мы дамовіліся зрабіць усё магчымае для таго, каб дасягнуць мэт, якія былі ўсталяваныя нашымі кіраўнікамі, - тавараабароту ў $200 мільёнаў".

Нягледзячы на выхад Тбілісі з СНД, у беларуска-грузінскіх адносінах захаваны рэжым свабоднага гандлю. Такім чынам для Грузіі Беларусь становіцца дзвярамі на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Наўзамен мы атрымліваем выгаду ад асацыяцыі закаўказскай рэспублікі з ЕС.

Што тычыцца скарбонкі сумеснай дагаворна-прававой базы, у ёй сёння 45 дакументаў. Ужо гэтай восенню спіс пашырэе. У лістападзе плануецца падпісанне пагаднення аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве. Мінск збіраецца наведаць кіраўнік парламента Грузіі.

Эканоміку і сумесныя праекты абмяркоўвалі сёння і за сталом перамоў ва ўрадзе. Добрыя перспектывы ёсць у стварэнні вытворчасцяў сельгас- і аўтамабільнай тэхнікі на грузінскай тэрыторыі. Беларусь гатовая прапанаваць партнёрам свае электробусы. А таксама стварыць усе ўмовы для адкрыцця ў нас магазінаў з таварамі з Грузіі і наладзіць вытворчасць він і каньякоў на беларускіх заводах.

У Мінска і Тбілісі агульная гісторыя. У баях за вызваленне нашай краіны загінула каля 14 тысяч грузін. 9 з іх удастоеныя звання Героя СССР. І сёння госці ўсклалі вянок да манумента на плошчы Перамогі. Гэтыя кветкі - даніна павагі сумесным подзвігам, якія дагэтуль аб'ядноўваюць народы.