Прэзідэнт Беларусі сустрэўся са старшынёй Следчага камітэта

6 сентября 2018

Сёння Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Следчага камітэта. Іван Наскевіч далажыў Кіраўніку дзяржавы пра дзейнасць ведамства і расследаванне крымінальных спраў, якія знаходзяцца на кантролі ў Прэзідэнта.

Як паведаміў Іван Наскевіч, за 8 месяцаў гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага ўзровень злачыннасці ў краіне знізіўся на 3 %. У тым ліку на 6 % колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. У той жа час на 70 % вырасла колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. На сустрэчы ішла размова і пра міжнароднае ўзаемадзеянне. Сёлета наш Следчы камітэт умацаваў супрацоўніцтва з ведамствамі многіх краін. У прыватнасці, падпісаны мемарандум аб узаемадзеянні з Федэральным бюро расследаванняў ЗША. Іван Наскевіч падрабязна распавёў Прэзідэнту і пра супрацоўніцтва з калегамі з Расіі.

Па выніках сустрэчы кіраўнік Следчага камітэта пракаментаваў журналістам ход расследавання рэзанансных крымінальных спраў, пра якія сёння далажылі Прэзідэнту. Гэта справа гібелі вайскоўца Аляксандра Коржыча і факт гібелі дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне пасля вакцынацыі.

Кіраўніку дзяржавы было даложана і аб расследаванні карупцыйных спраў. Асаблівую ўвагу надалі фактам забойстваў мінулых гадоў. З улікам новых магчымасцяў крыміналістычнай тэхнікі, судовых экспертыз Следчы камітэт штогод накіроўвае ў суд да дзесяці такіх крымінальных спраў.