Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з кіраўніком Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў

4 сентября 2018

І яшчэ аб адной маштабнай, але ўжо спартыўнай падзеі гаварылі сёння ў Палацы Незалежнасці. Да II Еўрапейскіх гульняў - 290 дзён. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Гэтая міжнародная арганізацыя аб'ядноўвае 50 НАКаў Еўропы. Янез Качыянчыч распавёў Прэзідэнту пра дэталі падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў і засведчыў, што Беларусь выдатна зладзіцца з правядзеннем гэтых маштабных спаборніцтваў.

Янез Качыянчыч - часты госць у Беларусі. І падчас кожнага візіту абавязкова сустракаецца з беларускім лідарам, бо Кіраўнік дзяржавы асабіста курыруе падрыхтоўку да II Еўрапейскіх гульняў. Падрабязнасцямі сённяшніх перамоў галоўны чалавек у еўрапейскім спорце падзяліўся з беларускімі журналістамі.

II Еўрапейскія гульні стартуюць 21 чэрвеня 2019 года з цырымоніі адкрыцця на абноўленым стадыёне "Дынама". У Беларусь прыедуць 4 000 спартсменаў з паўсотні краін, каля 2 000 трэнераў і членаў дэлегацый. Чакаецца і прысутнасць кіраўнікоў дзяржаў, прэм'ер-міністраў і іншых замежных гасцей. Асвятляць спартыўную падзею будзе больш як тысяча журналістаў. У Мінску разыграюць 201 камплект медалёў у 15 відах спорту, 10 з якіх стануць адборачнымі на Алімпійскія гульні ў Токіа.