Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрамі абароны краін АДКБ

13 июня 2017

Беларусь выступае за хутчэйшае аснашчэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ найноўшымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, за пашырэнне практычнага супрацоўніцтва ў рамках Арганізацыі і правядзенне новых для яе маштабных аператыўна-стратэгічных вучэнняў.

З такімі ініцыятывамі сёння выступіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прымаючы міністраў абароны краін АДКБ. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, Беларусь старшынствуе ў Арганізацыі і са свайго боку пры ўмове эфектыўнасці гатовая пашыраць удзел у сумесных аперацыях і безумоўна гарантуе абарону заходняга напрамку. "Мы не бразгаем зброяй, але свята выконваем свае абавязацельствы перад уласным народам і саюзнікамі як у АДКБ, так і ў двухбаковым фармаце з Расійскай Федэрацыяй", - падкрэсліў Прэзідэнт. На практыцы гэтыя абавязацельствы замацуюць маштабнымі сумеснымі вучэннямі "Захад-2017", якія пройдуць адкрыта, разнапланава і эфектыўна.

Як удзельнік Дагавора і краіна-старшыня, Беларусь уносіць істотны ўклад у падтрыманне стабільнасці ў зонах адказнасці АДКБ, падкрэсліў генеральны сакратар Арганізацыі Юрый Хачатураў. Паводле яго слоў, саюзнікі гатовыя працаваць сёлета па тых прыярытэтах і задачах, якія ініцыятыўна паставіў беларускі бок.

Нагадаем, у Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы ўваходзяць 6 еўразійскіх дзяржаў. Акрамя Беларусі і Расіі, гэта Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан.

Сёння прыярытэты АДКБ - гэта абарона суверэнітэтаў і падтрыманне стабільнасці, барацьба з тэрорам, экстрэмізмам, наркатрафікам і трансгранічнай злачыннасцю. Для гэтых мэтаў з 2009 года дзейнічаюць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання. Дарэчы, сёлетні год юбілейны і для АДКБ. Дагавору спаўняецца чвэрць стагоддзя, Арганізацыі 15 гадоў. Пры гэтым саюзнікі збіраюцца не столькі святкаваць юбілеі, колькі годна супрацьстаяць новым выклікам і пагрозам, сярод якіх называюцца кібератакі і гібрыдныя формы агрэсіі ў Еўразіі.