Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў пятніцу сустрэўся з адоранай моладдзю

23 мая 2014

У Палацы Незалежнасці можна было ўбачыць усіх: лаўрэатаў, пераможцаў, медалістаў, стыпендыятаў спецфондаў Прэзідэнта. Нягледзячы на тое што сустрэчу можна лічыць традыцыйнай, цікавасць з боку ўладаў да такога дыялогу меншай не становіцца. І тут як мінімум дзве прычыны: па-першае, гэта не проста дзеці - гэта залаты генафонд краіны, а, па-другое, інавацыйная эканоміка, да якой імкнецца Беларусь, патрабуе спецыялістаў якасна новага ўзроўню. Рэпартаж Ілоны Красуцкай.


Яна стала адкрыццём галоўнага медыяхолдынга краіны. Два гады таму разбурыла каноны класічнага Еўрабачання. Тады Еўропа ўпершыню пачула 72 струны. Цымбалістка Аляксандра Дзенісеня іграла не толькі малаточкамі, але і ключом для настройкі. Біла па струнах і нават корпусе інструмента. Праціўніца лёгкіх задач, сёння дзяўчына ўдастоеная Гранд-прэміі і звання лаўрэата Спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.


У зале прыёмаў Палаца Незалежнасці без перабольшання юныя геніі. Заслужаныя ўзнагароды з рук Прэзідэнта атрымалі 17 чалавек. Дзякуючы іх зацятасці свет даведаўся, што моцныя бакі Беларусі яшчэ матэматыка, біялогія і інфарматыка. За апошнія пяць гадоў у гэтых дысцыплінах нашы разумнікі і разумніцы сталі ўладальнікамі 27 розных медалёў.


Ініцыятарам стварэння спецыяльных фондаў па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама таленавітай моладзі быў сам Аляксандр Лукашэнка. А тады (18 гадоў таму), безумоўна, былі сумненні ў выніковасці. Але час паказаў: уклад у таленавітую моладзь - лепшая інвестыцыя. Летась толькі беларускія школьнікі прывезлі з міжнародных алімпіяд, канферэнцый і турніраў 7 залатых, 16 сярэбраных і 21 бронзавы медаль.


Аляксандр Лукашэнка сёння не раз гаварыў пра такую якасць, як мэтанакіраванасць. Задача моладзі - не страціць гэты галоўны спадарожнік перамог. А дзяржава ў сваю чаргу створыць усе неабходныя ўмовы для развіцця і падтрымкі талентаў.


Аквух Джэймсан па праве гонар бацькоў. 20 гадоў таму яго бацька прыехаў з далёкай Нігерыі вучыцца ў Беларусь. Не толькі стаў сваім у чужой краіне, але вывучыў беларускую мову, а яшчэ прывіў любоў да дакладных навук сыну. Сёння Аквух студэнт БДУ і бронзавы прызёр міжнароднай алімпіяды па фізіцы.


Іх алімпіядны рух немагчымы без допінгу. Толькі замест забароненых прэпаратаў імкненне да чарговых медалёў. Для многіх з іх яны стануць пропускам у Палац Незалежнасці і ў наступным годзе.


Лізавета Даўгяла дзяўчына залатая. У прамым і пераносным сэнсе. У Еўропе ў яе няма канкурэнтак па матэматычных ведах. На алімпіядзе ў Люксембургу ўзяла 1 месца сярод равеснікаў.


Незлічоныя словы падзякі сёння гучалі ў адрас педагогаў. І няхай голас іх падапечных з-за ўрачыстасці моманту дрыжаў ад хвалявання. У прысутнасці калег-пераможцаў далі абяцанне Прэзідэнту і настаўнікам: пра іх поспехі яшчэ не раз даведаецца свет.


Зносіны прадоўжыліся ў нефармальнай атмасферы. За адным сталом з вундэркіндамі Прэзідэнт дзяліўся і асабістымі ўспамінамі.


Прэзідэнт падкрэсліў: справа не ў прафесіі або сацыяльным статусе. Менавіта асабістыя якасці кожнага фарміруюць агульнае ўражанне аб Беларусі. Якім яно будзе, залежыць ад маладых.