Віншаванні з Днём Незалежнасці працягваюць прыходзіць на адрас Кіраўніка дзяржавы і беларускага народа з усіх куткоў нашай планеты

3 июля 2020
Віншаванні з Днём Незалежнасці працягваюць прыходзіць на адрас Кіраўніка дзяржавы і беларускага народа ад замежных лідараў, замежных палітычных і грамадскіх дзеячаў, а таксама кіраўніцтва інтэграцыйных аб'яднанняў. Карацей, з усіх куткоў нашай планеты. У тэлеграмах - пажаданні Беларусі поспеху і росквіту і падзяка нашай краіне і яе лідару  за ўласную міралюбную палітыку і ўклад ва ўмацаванне ўсеагульнай бяспекі.

Уладзімір Зяленскі, Прэзідэнт Украіны: "У сучасным свеце для нашых дзяржаў, народы якіх заўсёды гістарычна звязвалі цесныя сацыяльна-культурныя і эканамічныя сувязі, асабліва важнымі з'яўляюцца падтрымка і ўмацаванне добрасуседскіх і партнёрскіх адносін".

Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў традыцыйна дружалюбныя адносіны паміж краінамі, заснаваныя на прынцыпах раўнапраўя, узаемнай павагі і даверу. А Прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян выказаў упэўненасць, што двухбаковае шматпланавае супрацоўніцтва будзе і надалей паспяхова развівацца ў двухбаковым і шматбаковым фарматах.

Высокую ацэнку дасягненням Беларусі на шляху развіцця і росквіту, а таксама ўмацавання аўтарытэту на міжнароднай арэне даў Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў.

Шаўкат Мірзіёеў, Прэзідэнт Узбекістана: "Дзякуючы ўсебакова выверанай і дальнабачнай палітыцы, якая Вамі праводзіцца, Рэспубліка Беларусь дасягнула высокіх вынікаў у дзяржаўным будаўніцтве, абнаўленні грамадства і мадэрнізацыі эканомікі, паслядоўна ўмацоўваючы аўтарытэт краіны на міжнароднай арэне".

Не засталіся ў баку і манаршыя двары - не толькі Еўропы, але і Азіі, Блізкага Усходу. Найлепшыя пажаданні шлюць беларусам каралева Вялікабрытаніі Лізавета Другая, кароль Швецыі Карл ХVI Густаў, кароль Нідэрландаў Вілем-Аляксандр і імператар Японіі Нарухіта. Шчырыя віншаванні накіраваў Прэзідэнт Рэспублікі Карэя Мун Чжэ Ін.

Мун Чжэ Ін, Прэзідэнт Рэспублікі Карэя: "Спадзяюся, што дружалюбныя адносіны і супрацоўніцтва, якія сумесна развіваюцца намаганнямі дзвюх нашых краін, прынясуць багаты плён. Дзеля дасягнення гэтай мэты жадаў бы прадоўжыць цеснае ўзаемадзеянне з Вамі".

Да віншаванняў далучыліся і лідары еўрапейскіх краін. Яны дадатна характарызуюць і дыялог, які зараз ідзе паміж Мінскам і Адзінай Еўропай. Даверны ўзровень двухбаковых адносін адзначылі і краіны далёкай дугі - ААЭ, Ірана, Кубы, Венесуэлы, Індыі і Сінгапура - з кожнай з гэтых краін Беларусь звязваюць моцная дружба і партнёрскія адносіны.