Віншаванне з Днём працаўніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу

19 ноября 2017

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з прафесійным святам працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, сёння аграпрамысловы комплекс з'яўляецца адной з найважнейшых галін нацыянальнай эканомікі. Дынамічнае развіццё сяла было і застаецца нязменным прыярытэтам.

"За гістарычна кароткі тэрмін тут адбыліся сур'ёзныя змены: на палях працуе сучасная тэхніка, пабудаваныя буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і перапрацоўчыя прадпрыемствы, абсталяваныя па сусветных стандартах. Палепшаныя і ўмовы жыцця сельскіх жыхароў: створаныя аграгарадкі з развітой інфраструктурай і сацыяльнай сферай, - гаворыцца ў віншаванні. - Сёлета сабраны добры ўраджай збожжа. Сфарміравана дастатковая сыравінная база для перапрацоўчай прамысловасці. Усё гэта вынік нястомнай працы вяскоўцаў, дзякуючы чаму захоўваецца харчовая бяспека дзяржавы".

Высокая якасць прадукцыі сельскай гаспадаркі дазволіла пашырыць рынкі яе збыту і значна ўмацаваць добра вядомы ў свеце брэнд "Зроблена ў Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка выказаў шчырую ўдзячнасць тым, хто апрацоўвае палі, убірае ўраджай, працуе на фермах і перапрацоўчых прадпрыемствах, хто любіць сваю зямлю і добрасумленна працуе на карысць народа і роднай краіны. Прэзідэнт пажадаў ім, а таксама іх сем'ям, шчасця, здароўя, міру і дабра.