Папраўкі ў дэкрэт. Хто не працуе...

7 декабря 2016

Непрацуючых беларусаў, якія не выплацілі падатак, пакуль не будуць прыцягваць да адказнасці.   Міністэрства па падатках і зборах да канца года ўдакладніць звесткі па плацельшчыках, хто быў уключаны ў базу памылкова, а хто яшчэ павінен атрымаць паведамленні ў найбліжэйшы час. Прадметная гутарка на рэзанансную тэму - Дэкрэта №3 - адбылася напярэдадні ў Прэзідэнта. Дакумент хоць ужо і правераны на практыцы, але дагэтуль выклікаў шмат абмеркаванняў. Галоўныя нараканні былі да формы. У выніку сышліся ў меркаванні - дэкрэт патрэбен дзяржаве і грамадству, але галоўнае - своечасова выправіць памылкі, аднавіць сацыяльную справядлівасць. Папраўкі ўнясуць аператыўна ўжо да канца года.   Ва ўрадзе ўпэўненыя, навацыі зробяць дэкрэт больш жыццяздольным. Што зменіцца ў дакуменце - аналіз Аляксея Адашкіна.

Дэкрэт №3 - аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства быў падпісаны ў красавіку 2015-га. За мінулы час былі прааналізаваныя недахопы гэтага "гучнага дакумента". Недапрацоўкі збіралі на месцах - праз дэпутатаў, падатковыя службы, звароты грамадзян, прамыя лініі і асабістыя прыёмы чыноўнікаў. Як вынік - сфарміраваны спіс паправак, якія павінны зрабіць падатак на дармаедства больш эфектыўным і больш справядлівым.

Абмеркаванне гэтага дакумента адбылося напярэдадні ў Палацы Незалежнасці, на рабочай нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы. Збор стымулюе да легальнай працы, папярэджвае бадзяжніцтва і сацыяльнае сіроцтва. Аднак выкрыты і недахопы гэтага механізму: складанасці з адміністрыраваннем, уключэнне ў спісы тых, хто не павінен плаціць падатак, дэфіцыт вакансій у рэгіёнах. Таму дэкрэт №3 будзе ўдасканалены.

Па выніках нарады галоўнай зменай у дэкрэт стане магчымасць не плаціць збор у сілу "цяжкай жыццёвай сітуацыі". Згарэў дом, абакралі, раптам захварэў. Кожны выпадак будзе разгледжаны індывідуальна.

Каб не было перадумоў для карупцыі, рашэнні будуць прымацца калегіяльна на месцах з удзелам выканкамаў і Саветаў дэпутатаў.

Ігар Жук, старшыня Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў: "Бываюць усякія жыццёвыя сітуацыі, і задачы дэпутатаў - выяўляць гэтыя сітуацыі, праводзіць тлумачальную працу сярод насельніцтва і ні ў якім разе не ўшчамляць правы і нечыя інтарэсы… Безумоўна, ёсць групы насельніцтва, на якія мы будзем звяртаць больш пільную ўвагу. Гэта на шматдзетныя сем'і, сем'і, дзе ёсць інваліды, гэта на сем'і, дзе ёсць цяжкасці з матэрыяльным забеспячэннем, гэта сем'і, якія прыехалі да нас як перасяленцы і праблемы іх працаўладкавання".

Пашыраць і групу тых, хто не павінен плаціць падатак. Папраўкі ў дэкрэт будуць унесеныя аператыўна ўжо да канца года.

Галоўная мэта дэкрэта - забяспечыць справядлівасць збораў на дзяржвыдаткі. Медыцына, бяспека, адукацыя, інфраструктура і сацабарона - гэтым карыстаюцца ўсе, а афіцыйна плаціць падаткі некаторыя па розных прычынах не жадаюць. Збор на дармаедаў,   а аб гэтым ужо гаворыць статыстыка, стымулюе да легальнай працы і выхаду з падатковага ценю.

Больш за 70 тысяч паведамленняў атрымалі патэнцыяльныя плацельшчыкі збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў. Амаль кожны пяты змог даказаць, што не абавязаны раставацца з 20-цю базавымі - менавіта столькі складае памер падатку на дармаедства. Ад астатніх паступіла ўжо тры мільёны рублёў - новымі.

Вадзім Баравік, палітычны аналітык: "Дэкрэт носіць не рэпрэсіўны, а папераджальны характар. Задача ў тым, каб тыя грамадзяне, якія не падумалі, што нейкую гаспадарчую дзейнасць яны ажыццяўляюць сёння, трэба зарэгістраваць. Паказаць, якую эканамічную актыўнасць яны праводзяць. Хтосьці ў нас выязджае ў Расію, у нас там мяжы няма, мы стварылі ўмовы для бескантрольнай міграцыі. І любы з нас сёння плаціць падаткі. Адпаведна, тыя беларусы і асобы, якія тут пражываюць больш за паўгода, яны таксама павінны ўносіць свой пасільны ўклад у тое, каб мы выплачвалі пенсіі, дапамогі, каб мы дапамагалі нашым грамадзянам вырашаць нейкія сацыяльныя пытанні".

Беларускі вопыт плануюць узяць на ўзбраенне і нашы саюзнікі па ЕАЭС. Расія ўжо падрыхтавала дакумент аб аплаце за карыстанне сацыяльнай інфраструктурай непрацуючымі грамадзянамі. У Казахстане - ідэю абмяркоўваюць. На агульнай прасторы - праблемы вырашаць можна падобнымі шляхамі.

Пералічэнне "дармаедаў" па абноўленых правілах прадоўжыцца да 20 студзеня. Аплаціць або аспрэчыць гэты падатак можна будзе амаль да 20 лютага. Тыя ж, хто яшчэ не пералічыў грошы на збор у казну, пакуль да адказнасці прыцягвацца не будуць.