Паўтара дзясятка пытанняў на парадку дня лідараў краін СНД

28 сентября 2018

У гэтыя хвіліны ў Таджыкістане праходзіць пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД. У Душанбэ з рабочым візітам прыбыў і Аляксандр Лукашэнка. Афіцыйная частка форуму стартавала менш чым гадзіну назад. Ва ўрадавай рэзідэнцыі высокіх гасцей прывітаў Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. Дзень вялікай палітыкі пачаўся з традыцыйнай цырымоніі фатаграфавання. Такая пратакольная частка практычна заўсёды папярэднічае перагаворнай частцы любога саміту. Значыць, праз лічаныя хвіліны пачнуцца пасяджэнні кіраўнікоў дзяржаў у вузкім і пашыраным фарматах.

Прэзідэнты разгледзяць і прымуць рашэнні як па пытаннях бягучай дзейнасці Садружнасці, так і па развіцці далейшага ўзаемадзеяння ў розных сферах. Паводле ацэнак экспертаў, найбольш прынцыповай тэмай саміту можа стаць бяспека. Таксама вялікую ўвагу нададуць эканоміцы і гуманітарнаму супрацоўніцтву. У цэлым кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць каля 20-ці пытанняў, чакаецца прыняцце шэрагу заяў. За рамкамі саміту запланаваны і двухбаковыя мерапрыемствы Беларусі і Таджыкістана. Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон абмяркуюць найбольш актуальныя пытанні ўзаемадзеяння і пракантралююць ход рэалізацыі ранейшых дамоўленасцяў. Таксама краіны ўжо падрыхтавалі праект усёабдымнага дагавора аб стратэгічным партнёрстве.