Пад знакам беларуска-пакістанскага дыялогу праходзяць гэтыя дні ў Ісламабадзе

4 октября 2016

У Пакістан з трохдзённым афіцыйным візітам накіраваўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Адзначым, яшчэ да прыбыцця беларускага лідара ў сталіцы ісламскай рэспублікі падрыхтаваная дасканалая база. Прадстаўнічая беларуская дэлегацыя ўжо правяла некалькі перамоў і сустрэч з пакістанскімі партнёрамі. Адна з дамоўленасцяў - субсідзіраванне аграрыяў для закупкі беларускай тэхнікі. Таксама бакі падпісалі дамову аб адкрыцці ў Ісламабадзе сумеснага цэнтра па каардынацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва. Пра намер паглыбляць партнёрства гаворыць і цалкам рэальная задача - мільярдны тавараабарот. Зрэшты, зусім хутка перамовы пяройдуць у іншую плоскасць - палітычную. У Ісламабадзе запланаваныя сустрэчы беларускага лідара з найвышэйшым кіраўніцтвам Пакістана. Падрабязней з Ісламабада - Наталля Брэвус.

Калі беларускі борт нумар адзін яшчэ толькі вылятаў з Мінска ў Ісламабад, у пакістанскай сталіцы ўжо было зразумела: Аляксандра Лукашэнку тут чакаюць. І тое, што Пакістан жыве і дыхае Беларуссю ў гэтыя дні, прыкметна адразу пасля прыезду. Партрэты лідараў дзвюх краін і флагі дзяржаў паўсюль на галоўных вуліцах Ісламабада. Вось такая чырвона-зялёная мазаіка.

У адзін вялікі рэпартаж спецкар найбуйнейшага пакістанскага тэлеканала Раза збірае інфармацыю пра супрацоўніцтва дзвюх краін. Але журналісцкая цікавасць у тым, каб зрабіць вялікі фільм пра сінявокую.

Вялікая цікавасць да гэтага рэгіёна ў прамыслоўцаў. Яны шмат у чым і робяць агульны тавараабарот. На поўдні краіны ўжо больш як год збіраюць трактары. Для МТЗ гэтая дзяржава з'яўляецца адным з ключавых рынкаў збыту тэхнікі па-за СНД. Для гарачай Паўднёвай Азіі прапаноўваюць палегчаны варыянт машыны. Бізнесмен Шызад больш за 20 гадоў працуе з Беларуссю.

Урад Пакістана гатовы субсідзіраваць фермераў для закупкі беларускіх машын. Гэта вытворцу выгодна. Каб трымаць рынак, тут абмяркоўваюць новыя экалагічныя стандарты. Кантракт на 30 мільёнаў долараў зробяць сёлета. Не менш плануе зарабіць завод тут і ў наступным годзе. Логіка вытворцы зразумелая. Трэба трымаць руку на пульсе. Рынак вялікі, але няпросты. Як і ў цэлым увесь азіяцкі.

Але не трактарам адзіным! З нулявога старту за год на гэтым рынку дадаў на тры мільёны долараў і Беллёгпрам. Выпрабавальная партыя палескай пражы мела поспех на пакістанскім рынку. У выніку склалі самавіты кантракт з краінай, якая ўваходзіць у чацвёрку сусветных вытворцаў бавоўны і тэкстылю. А беларускі вытворца абутку "Белвест" дамовіўся з пакістанскай кампаній пра пастаўкі сыравіны.

Гэта толькі частка дамоўленасцяў. Перамовы з пакістанскім бокам беларусы вядуць у рэжыме нон-стоп. Больш кантрактаў чакаюць па выніках бізнес-форуму. Мяркуецца, што ўдзел у ім прымуць лідары дзвюх краін. Ёсць перспектыва, напрыклад, у вытворцаў грузавікоў і самазвалаў. Усё ж Пакістан узяўся за развіццё інфраструктуры, стварае эканамічны калідор з Паднябеснай.

Толькі праз 20 гадоў, пасля таго як былі ўстаноўленыя дыпадносіны, у Ісламабадзе адкрылася беларускае пасольства. І сапраўды, пачынаючы з 2014, кантакты ажывіліся. Але галоўнае - на гэта была палітычная воля. Пасля таго як у маі мінулага года Аляксандр Лукашэнка пабываў у Ісламабадзе з візітам і была падпісаная дэкларацыя аб партнёрстве, прэм'ер Наваз Шарыф не стаў адкладаць візіт у адказ. Наведаў Беларусь праз два месяцы пасля гэтага. На дыпламатычныя меркі, гэта вельмі хутка. Лідары Беларусі і Пакістана змаглі тады пагутарыць у нефармальным становішчы.

Наогул гэтая восень для нашай краіны пачалася і праходзіць пад знакам Азіі: на мінулым тыдні адбыўся дыялог Мінска і Пекіна. Паслядоўна Беларусь развівае супрацоўніцтва з найбуйнейшымі краінамі гэтага рэгіёна і свету. Індыя, В'етнам, Кітай, Пакістан. Ёсць спецыфіка – усё ж розны менталітэт. Але Беларусі атрымліваецца знаходзіць агульную мову з партнёрамі тут.

Дарэчы, на вулічных расцяжках вітальныя надпісы па-беларуску! Нават так у Пакістане пастараліся выказаць павагу да беларускіх гасцей. Яшчэ больш змогуць даведацца пра нашу краіну ў бібліятэцы Пакістана: сёння наша дэлегацыя прэзентавала тут інтэрактыўную сістэму "Куб" - гэта Беларусь у рэжыме рэальнага часу для кожнага жыхара Пакістана.