Перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці

9 октября 2017

Перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін сёння абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Міністрам абароны Азербайджана генерал-палкоўнікам Закірам Гасанавым. Гутарка аб двухбаковым супрацоўніцтве выйшла далёка за рамкі ваенна-тэхнічнай сферы. Пазіцыі Беларусі і Азербайджана шмат у чым супадаюць.

За мінулыя 10 гадоў агульны тавараабарот вырас з 30 мільёнаў долараў да амаль 300. Тэмп супрацоўніцтва прэзідэнты падтрымліваюць асабістымі сустрэчамі. Пачынаючы з 2006 года, трымаюць рытм - раз у тры гады абменьваюцца візітамі. І заўсёды лідары краін сустракаюцца як сябры.

Аснову беларускага экспарту летась склалі трактары, нафтапрадукты, лесаматэрыялы, лекі, малочная прадукцыя. У эканоміку Беларусі прыцягнута інвестыцый амаль на 7,5 мільёна долараў. У Азербайджане дзейнічаюць больш за 70 прадстаўніцтваў, даччыных кампаній і дыстрыб’ютараў беларускіх прадпрыемстваў. Створаны зборачныя вытворчасці трактароў МТЗ, аўтамабіляў МАЗ і МЗКЦ на базе Гянджынскага аўтамабільнага завода. 

У Беларусі Закір Гасанаў з двухдзённым візітам. Акрамя таго, кіраўнік Мінабароны Азербайджана наведае прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу. Падчас сустрэч будуць абмеркаваныя перспектывы развіцця і пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы і ў галіне ваеннай адукацыі, а  таксама пытанні бяспекі і іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.