Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан завершаны

31 марта 2017

Флагманам калійнай вытворчасці ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне павінен стаць Туркменістан. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння на цырымоніі запуску Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната.

Радовішча размешчана на паўночным усходзе Туркменістана. Геолагаразведка вялася яшчэ ў 60-х гадах. Але ў той час у Савецкага Саюза не было тэхналогій для такой маштабнай вытворчасці. Новая галіна горна-хімічнай прамысловасці створана ў Туркменістане фактычна з нуля. У 2011 за будаўніцтва Гарлыка ўзяліся беларусы. Іміджавы для краіны праект ацанілі ў мільярд долараў. Генпадрадчыкам выступіў Белгорхімпрам, які выкарыстаў беларускае абсталяванне і машыны. Прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў азнаёміліся з прадпрыемствам і далі афіцыйны старт працы камбіната.

Чакаецца, што на працягу трох гадоў на прадпрыемстве будуць атрымліваць амаль паўтара мільёна тон калійнай прадукцыі за год. Першую партыю - больш за тону ўгнаенняў - на Гарлыке ўжо здабылі. Частку паставілі на ўнутраны рынак, астатняе экспартавалі ў Афганістан.

Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан завершаны. У аэрапорце Кіраўніка беларускай дзяржавы асабіста праводзіў прэзідэнт Туркменістана. Лідары паспелі правесці кароткую размову і цёпла развіталіся.

Нагадаем, напярэдадні адбыліся афіцыйныя перамовы кіраўнікоў дзяржаў. Сустрэча прайшла ў фармаце сам-насам, затым у пашыраным складзе. Бакі адзначылі высокую дынаміку міждзяржаўнага дыялогу і станоўча ацанілі рэалізацыю дасягнутых раней дамоўленасцяў. Па выніках перамоў падпісана 11 дакументаў. Ключавы - сумеснае камюніке прэзідэнтаў. Краіны маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў розных сферах - ад гандлю да навукі. Таксама кіраўнікі дзяржаў прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця новага будынка пасольства Беларусі ў Ашхабадзе. Яго пабудавалі ў рэкордныя тэрміны - за паўтара года.