Сітуацыя ў Віцебскай вобласці на асаблівым кантролі прэзідэнта

6 декабря 2020

Тэма, якая апошні час у 9-ці выпадках з 10-ці становіцца прадметам гутарак і абмеркавання дома, на працы, у медыя. Наша здароўе і тое, як на яго ўплывае або можа паўплываць каранавірус.

Трэба сказаць, што ні адна дзяржава не праходзіць пандэмію лёгка. Кожны ваюе, як можа. Сітуацыя з каранавірусам у нас, як і ўсюды ў свеце, няпростая, але ў Беларусі - сапраўды кантраляваная. За час першай хвалі напрацаваны неацэнны вопыт - ёсць разуменне, як дзейнічаць пры паступленні пацыентаў, як аказваць дапамогу, няма недахопу ў патрэбным медабсталяванні, хапае сродкаў індывідуальнай засцярогі і лекаў, мабілізаваны медыцынскія кадры.

Захаваць жыццё чалавека

Увага прэзідэнта да гэтай тэмы не слабее. І ў тым, што ў вобласці спраўляюцца, кіраўнік дзяржавы ўпэўніўся асабіста. Як і абяцаў, Аляксандр Лукашэнка паехаў у рэгіёны і наведаў Віцебскі абласны радзільны дом. Там дапамагаюць будучым мамам з каранавіруснай інфекцый, яны паступаюць сюды з усяго рэгіёна. Зараз у клініцы 45 такіх жанчын. Пад назіраннем і 25 немаўлятаў - яны абследаваныя і абсалютна здаровыя.

Спрацавала выбраная тактыка - дзяцей у мам, якія захварэлі, забіраюць адразу пасля нараджэння - уз'ядноўваюцца яны толькі пасля поўнага выздараўлення. Прэзідэнт мог бы і не заходзіць у "чырвоную зону". Але як не падтрымаць жанчын, якія насуперак падступнай хваробе змаглі нарадзіць здаровых малых - гэта ж галоўнае - шчасце для кожнай сям'і. Хваляванняў хапіла і тым, хто прыйшоў па першынца, і вопытным мамам.

Разумеючы, што другой хвалі каранавіруса не пазбегнуць, прэзідэнт даручыў арганізаваць рэгіянальныя штабы па рэагаванні на сітуацыю з COVID-19. У пасяджэнні аднаго з іх у Віцебску кіраўнік дзяржавы таксама прыняў удзел. Яшчэ вясной стаўка на мясцовыя ўлады як апорныя цэнтры, дзе аператыўна і кропкава прымаюць рашэнні, была дакладнай. Лагічна, што з Мінска часам не так хутка відаць праблемныя месцы, і што рэгіёну зараз патрэбней.

"Вось што самае галоўнае - захаваць жыццё чалавека". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што глыбока пагружаны ў пытанні барацьбы з каранавірусам. І сёння ў яго няма прэтэнзій ні да міністра аховы здароўя, ні да губернатараў, ні да членаў штаба. "У нас тысячамі за суткі не гінуць людзі, нават сотнямі не гінуць. І не будуць гінуць, таму што мы ўсе - ад старшыні сельскага Савета, райвыканкама, аблвыканкама да міністра, прэм'ер-міністра і прэзідэнта - займаемся і будзем займацца гэтай праблемай. Мы будзем ратаваць нашых людзей, наколькі гэта магчыма, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - Таму не статыстыкай трэба супольнасці медыцынскай займацца, а лячэннем людзей. Што ў пераважнай большасці нашы людзі і робяць". "Давайце будзем ратаваць людзей - гэта мой зварот да ўрачоў. Лячыць людзей трэба".

Становішча ў Віцебскай вобласці не крытычнае. На асаблівым кантролі прэзідэнта ўсе арганізацыйныя моманты ў цэлым і вузкія, але важныя пытанні. Напрыклад, лік апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх. Іх у Беларусі хапае - задзейнічана прыкладна 500, у рэзерве ёсць у 5 разоў больш. Радуе пазітыўная тэндэнцыя апошняга часу - выпісваюць ужо больш, чым шпіталізуюць з COVID. Але, нягледзячы на гэта, прэзідэнцкі маніторынг у рэгіёнах працягнецца.