Сітуацыя на фінансавым рынку i ўзмацненне адказнасці Нацбанка. Сустрэча Кіраўніка дзяржавы з Паўлам Калаўрам

7 февраля 2019

Сітуацыя на фінансавым рынку, узмацненне адказнасці Нацбанка - за яе стабільнасць і мерапрыемствы да 25-годдзя беларускага рубля. Гэтыя тэмы сталі ключавымі сёння на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са старшынёй праўлення галоўнага фінансавага рэгулятара краіны Паўлам Калаўрам.

За апошні год атрымалася дабіцца стабільнасці. І ў гэтым Прэзідэнт бачыць немалую заслугу Нацбанка. Цяперашняя грашова-крэдытная палітыка адпавядае пастаўленай мэце па інфляцыі - да канца года яна чакаецца ў межах 5%. Фарміраванне спрыяльнага асяроддзя для ўстойлівага развіцця эканомікі - ключавая задача Нацбанка. Адказнасць за фінансавую стабільнасць ускладзеная на старшыню праўлення. Аднак, на думку кіраўніцтва рэгулятара, традыцыйных інструментаў грашова-крэдытнай палітыкі і банкаўскага нагляду можа апынуцца недастаткова. Прапаноўваецца ўзмацніць паўнамоцтвы Нацбанка і замацаваць яго адказнасць у дадзенай сферы. Кіраўнік дзяржавы ініцыятыву падтрымаў.

Літаральна напярэдадні Нацбанк прадставіў грамадскасці звесткі аб сітуацыі на фінансавым рынку. Назіраецца станоўчая дынаміка. Пакуль вырашана захаваць стаўку рэфінансавання ў краіне на ўзроўні гістарычнага мінімуму ў 10%. У кіраўніцтва рэгулятара ёсць выразнае бачанне, якія меры прымаць для эканамічнага росту сёлета, стратэгія для нівелявання знешніх рызык і падтрымкі нізкай інфляцыі.

Нацбанк сумесна з Саўмінам мае намер распрацаваць стратэгію па павышэнні даверу да нацыянальнай валюты. У абароце сёлета з'явяцца абноўленыя купюры наміналам 5 і 10 рублёў, а таксама манеты: адна, дзве капейкі і два рублі. У першай палове гэтага года ў Беларусі можа з'явіцца і новы механізм працы з праблемнымі актывамі. Адпаведны праект указу знаходзіцца на абмеркаванні ва ўрадзе. А з 2021 года Нацбанк разлічвае на запуск у краіне абноўленай сістэмы валютнага рэгулявання. Яна прадугледжвае забарону выкарыстання замежнай валюты для разлікаў унутры краіны. Таксама адпаведны законапраект падрыхтаваны і накіраваны ва ўрад.