Пазітыў, які азначыўся паміж Беларуссю і ЗША, стане новым этапам адносін

30 марта 2016

Такое меркаванне сёння выказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўніком Пентагона.

Намеснік памочніка міністра абароны Майкл Карпентэр знаходзіцца ў Мінску з трохдзённым візітам і ўжо паспеў правесці шэраг прадуктыўных перамоў у Мінабароны і знешнепалітычным ведамстве Беларусі. На сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Кіраўнік дзяржавы заклікаў амерыканскіх партнёраў адысці ад залішняй палітызаванасці адносін і звярнуць увагу на эканоміку.

Дарэчы, у нашай краіне зарэгістравана амаль чатыры сотні прадпрыемстваў з амерыканскім капіталам. Летась тавараабарот паміж краінамі перавысіў паўмільярда долараў. 344 мільёны з іх - гэта экспарт паслуг у ЗША. У асноўным гэта праекты ў камп'ютарнай і тэлекамунікацыйнай сферах. Штуршком да развіцця сумеснай эканомікі стаў Беларускі інвестыцыйны форум у Нью-Ёрку ў 2014 годзе.

Майкл Карпентэр адказвае ў Пентагоне за Расію, Украіну, Еўразію і Заходнія Балканы. Чакана на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці гаворка ішла і аб нашай паўднёвай суседцы.

Прадстаўнік Пентагона высока ацаніў ролю Беларусі ў гарантаванні бяспекі ў Еўропе і ва ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка лічыць, што збалансаваць сітуацыю на Данбасе без ЗША немагчыма.

Гаварылі на сустрэчы і аб прасоўванні НАТА на ўсход. Прэзідэнт прызнаўся, што беларускі бок не ў захапленні ад актывізацыі Паўночнаатлантычнага альянса. Але дэманізаваць гэты працэс Кіраўнік дзяржавы не схільны і перакананы, што НАТА не збіраецца ваяваць з Расіяй або Беларуссю. Таксама ў гутарцы Прэзідэнт падкрэсліў абарончы характар ваеннай дактрыны Беларусі.

Прадстаўнік Пентагона высока ацаніў ваенны патэнцыял нашай краіны і жаданне аднавіць супрацоўніцтва па лініі міністэрстваў абароны.

Майкл Карпентэр, намеснік памочніка міністра абароны ЗША: "Дазвольце шчыра падзякаваць вам за цёплыя словы і таксама за канструктыўныя і прадуктыўныя сустрэчы, якія я правёў з прадстаўнікамі вашага ўрада, у тым ліку ў Міністэрстве абароны і Міністэрстве замежных спраў. Вы правільна сказалі, што НАТА прадпрымае пэўныя крокі па ўмацаванні абароны сваіх удзельнікаў. Але я лішні раз жадаю адзначыць, што ўсе нашы дзеянні носяць выключна абарончы характар і прапарцыйныя ўсім задачам, якія зараз ставяцца. Вельмі важна, што сёння мы пачалі дыялог. Але таксама важна, каб ён праходзіў адкрыта".