Пачынаюцца асноўныя мерапрыемствы афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Сербію

3 декабря 2019
У гэтыя хвіліны пачынаюцца асноўныя мерапрыемствы афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Бялград. Усё пройдзе паводле пратаколу: цырымонія сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ля Палаца Сербіі пачынаецца пад гімны дзвюх краін і ў суправаджэнні ганаровай варты. 

Гэты дзень запомніцца вялікім перагаворным марафонам. Перш лідары дзвюх краін пагутараць адзін на адзін, далей да іх далучацца ўдзельнікі дэлегацый. На парадку дня - развіццё палітычнага дыялога і эканамічнага ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі. Важна ўсё - ад гандлю да стварэння сумесных вытворчасцяў і прасоўвання інвестпраектаў. Акрамя гэтага, кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць рэгіянальны і сусветны парадак дня, супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках. Чакаецца, што бакі падпішуць дзясятак дакументаў. Праграмай таксама запланавана выступленне Аляксандра Лукашэнкі перад дэпутатамі сербскага парламента.

Акрамя таго, сёння ў Бялградзе праходзіць двухбаковы бізнес-форум. Акцэнт на супрацоўніцтве ў сферах прамысловай вытворчасці і машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтахіміі, фармацэўтыкі, вытворчасці прадуктаў харчавання. Дамоўленасці дзелавых колаў аб пастаўках беларускай прадукцыі папярэдне ацэньваюцца на 100 мільёнаў долараў.