Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з рабочым візітам у Казахстане

8 июня 2017

Пачаўся двухдзённы рабочы візіт Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Казахстан. Гэтымі днямі ў Астане праходзяць два маштабныя мерапрыемствы. Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця выставы "Экспа-2017" і ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Да гэтай гадзіны ўжо адбылася двухбаковая сустрэча Прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева. Таксама беларускі лідар прыняў удзел ва ўрачыстым канцэрце з нагоды саміту. Глабальны форум Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва эксперты ўжо назвалі гістарычным - сёлета ў шэрагі краін-удзельніц уступаюць Індыя і Пакістан. Арганізацыя паўнапраўна ператвараецца ў транскантынентальную і становіцца яшчэ больш уплывовай сілай на сусветнай арэне. І гэта не толькі вялізная прастора, але і амаль палова насельніцтва Зямлі. Беларусь у статусе назіральніка актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці аб'яднання. Асноўныя мерапрыемствы саміту запланаваны на заўтра. Усе падрабязнасці з Астаны - у Вольгі Макей.

Дастаткова прылятаць у Астану раз на год, каб убачыць, як змяняецца сталіца Казахстана. Незвычайную архітэктуру горада раз-пораз папаўняюць новыя аб'екты. Апроч грандыёзнага павільёна "Экспа", з'явіўся новы тэрмінал аэрапорта, гасцей гатовыя прыняць амаль 200 гатэляў і 900 рэстаранаў, якія да наплыву турыстаў падрыхтавалі асаблівае меню, і ўсё гэта ў горадзе з насельніцтвам 800 тысяч чалавек. На найбліжэйшыя 90 дзён Астана акунаецца ў міжнародны марафон "Экспа". Тут чакаюць 2 мільёны гасцей.

Пра будучую падзею нагадваюць шматлікія банеры з лагатыпамі міжнароднага форуму і зялёныя тэхналогіі. Тэматыку "Экспа" - "Энергія будучыні" - Астана дэманструе на сабе. Вось, напрыклад, сістэма велапаркоўкі працуе на сонечных батарэях, а сімволіку выставы суправаджаюць мініяцюрныя ветракі. Зрэшты, маштабнай выставе папярэднічае важны палітычны форум - саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У Астане збяруцца дэлегацыі 18 краін: удзельнікі, назіральнікі і партнёры па дыялогу. Беларусь стала назіральнікам у гэтай арганізацыі год таму.

Пакуль афіцыйныя члены шанхайскай сям'і - Кітай, Расія, Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан і Узбекістан. Ужо заўтра яна папоўніцца двума новымі паўнапраўнымі ўдзельнікамі - Індыяй і Пакістанам. Да гэтай тэмы, безумоўна, прыкавана ўвага і журналістаў, і экспертаў. Сімвалічна, што дзве ядзерныя дзяржавы ў 2005 годзе менавіта ў Астане атрымалі статус назіральніка пры ШАС. Дарэчы, сярод назіральнікаў менавіта Беларусь - адзіная цалкам еўрапейская краіна.

Саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане - другі, у якім Беларусь удзельнічае ў статусе назіральніка. Ужо заўтра афіцыйны Мінск агучыць сваё бачанне развіцця арганізацыі. Для гэтага сёння ў сталіцу Казахстана прыляцеў Аляксандр Лукашэнка. Сустракалі з нацыянальным каларытам.

Калі пляцоўка саміту - выдатная магчымасць для таго, каб абмеркаваць палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва з партнёрамі, то "Экспа" - непасрэдная дэманстрацыя магчымасцяў краіны. Беларускі павільён пакажа і найноўшыя распрацоўкі ў энергазберажэнні. Чаго варты той факт, што наведвальнікаў сустракае электробус - самы сапраўдны транспарт будучыні. Усяго на выставе прадэманструюць 70 унікальных распрацовак нашай краіны.

Зрэшты, у Казахстане пра беларускія прамысловыя тэхналогіі ведаюць не па чутках. Дзве дзяржавы аб'ядноўваюць 8 зборачных вытворчасцяў. Трактары незаменныя ў мясцовай сельскай гаспадарцы, а ў агратэхнічным універсітэце ў Астане нават навучанне праходзяць менавіта на беларускай тэхніцы. Са свежых праектаў - кааперацыя з буйной кампаніяй, якая прадстаўляе на рынку Казахстана японскія аўто.

Акрамя таго, у свабоднай эканамічнай зоне Астаны запусцілі праект па зборцы беларускай камунальнай тэхнікі. А вось Мінску спатрэбіўся б астанінскі вопыт узвядзення выставачных комплексаў. Гэтае пытанне ўжо падчас асабістай сустрэчы сёння абмеркавалі прэзідэнты дзвюх краін. Аляксандр Лукашэнка падзяліўся планамі стварэння ў Мінску беларускай выставы. Напрацоўкі "Экспа" былі б дарэчы.

На гэтай сустрэчы гаварылі не толькі пра эканамічныя сувязі дзвюх краін. Беларусь і Казахстан аб'ядноўваюць і трагічныя моманты гісторыі. Побач з Аляксандрам Лукашэнкам папкі дакументаў. Гэта копіі архіўных спраў беларусак, асуджаных напрыканцы 30-х гадоў па палітычных матывах і сасланых у лагер на тэрыторыі Казахстана. Зараз на месцы Акмалінскага лагера жонак здраднікаў Радзімы (скарочана АЛЖЗР) мемарыяльны комплекс памяці ахвяр рэпрэсій. Каштоўныя матэрыялы стануць часткай яго экспазіцыі.

Кожны яе крок як у запаволенай здымцы. І гэтая нетаропкасць нібы выратаванне для журналістаў - магчымасць хоць на нейкі час адкласці цяжкія пытанні. Мая Кляшторная - дачка былой вязніцы найбуйнейшага савецкага жаночага лагера Яніны Германовіч і рэпрэсіраванага беларускага паэта Тодара Кляшторнага. У гэта цяжка паверыць, але 80 гадоў таму яе, чатырохмесячную, разам з маці адправілі ў Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы.

Пяць гадоў маленькая Мая правяла разам з маці ў Акмалінскім лагеры, далей - дзіцячы спецпрыёмнік, потым гады ссылкі ў Сібіры.

Зараз на месцы АЛЖЗР музейны комплекс. Штогод яго наведваюць 20 тысяч чалавек з розных краін. Прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі тых, хто правёў тут самыя цяжкія моманты жыцця.

Сімвалічна, але 31 мая, у дзень свайго 80-гадовага юбілею, тут пабывала і Мая Кляшторная. На сцяне памяці імя і яе маці.

Сёння многія краіны дапамагаюць Казахстану збіраць звесткі аб гісторыі палітычных рэпрэсій. Пра 63 беларускі, вязніцы АЛЖЗР, Камітэт дзяржбяспекі збіраў інфармацыю літаральна па макулінках.

Перад тым як адправіць дакументы ў Астану, Мая Кляшторная ўпершыню бачыць матэрыялы справы яе маці, што доўгія дзесяцігоддзі захоўваліся пад грыфам "сакрэтна". У іх пастанова, ордэр на арышт, пратаколы вобыску і допытаў. І самае важнае - пісьмы.

Гэтую гісторыю на дыпламатычнай мове, напэўна, назвалі б гуманітарным супрацоўніцтвам. Але за гэтай фармулёўкай тоіцца тое, што аб'ядноўвае краіны часам мацней за любыя міжнародныя дакументы - гэта чалавечыя лёсы і агульная гісторыя. Не дазваляць забыць нават самыя трагічныя яе старонкі, паважаць культуру і традыцыі – ці не гэта адна з найважнейшых задач палітыкаў?

Гасцей маючага адбыцца саміту Нурсултан Назарбаеў запрашае ў астанінскі тэатр оперы і балета. Ён трэці па велічыні ў свеце і самы малады - пабудавалі ў 2013 годзе. Для лідараў краін гэта не толькі магчымасць нефармальна пагутарыць, але і акунуцца ў культуру Казахстана. Сёння на сцэне канцэрт з нагоды саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Ужо заўтра пасля саміту лідары дзяржаў прымуць удзел у цырымоніі адкрыцця выставы "Экспа". Арганізатары абяцаюць яркі паказ. На алімпіядзе эканамічных магчымасцяў будзе нават свой парад флагаў краін-удзельніц, тэатралізаваны паказ, лазернае шоу і феерверк. Салютаваць будуць па ўсёй тэрыторыі выставы, а знакамітая сфера ператворыцца ў вялізны экран.