Пачаўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Малдову

24 сентября 2014
Самалёт Кіраўніка дзяржавы сёння вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск. З двухдзённым візітам беларускі лідар наведвае Кішынёў па запрашэнні Мікалая Цімофці. Акрамя размовы з прэзідэнтам Малдовы, у Аляксандра Лукашэнкі запланаваная сустрэча з Прэм'ер-міністрам Юрыем Лянкэ і Старшынёй парламента Ігарам Корманам. Высокапастаўленыя асобы абмяркуюць пытанні двухбаковых гандлёва-эканамічных адносінаў і рэгіянальную сітуацыю. Пра тое, што звязвае Мінск і Кішынёў, Ілона Красуцкая.



Беларусь - Малдова: новы этап супрацоўніцтва. На інтэрпрэтацыі такіх загалоўкаў сёння разлічваюць вядучыя сусветныя інфармагенцтвы. Нагода для чаканняў сапраўды важкая. У сталіцы Малдовы - Кішынёве - Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца са сваім калегам Мікалаем Цімофці. Як прынята, спачатку кіраўнікі дзяржаў паразмаўляюць сам насам, затым у пашыраным складзе. Згодна з планам, прэзідэнты не абмінуць увагай і прадстаўнікоў СМІ. Па выніках перамоў Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Цімофці павінны зрабіць заявы ў прысутнасці прэсы.
Пра тое, што Малдова важны гандлёва-эканамічны партнёр Беларусі (гэта не проста галаслоўны факт), сама за сябе гаворыць статыстыка. Па выніках мінулага года краіна заняла 15-е месца ў свеце па аб'ёме беларускага экспарту і 4-е па аб'ёме тавараабароту cярод краін СНД пасля Расіі, Украіны і Казахстана. У Малдове працуюць больш як 35 тысяч трактароў Беларус. Зрэшты, малдаўскаму спажыўцу добра знаёмы і смак нашай малочнай прадукцыі. А ў дамах верным памочнікам служыць беларуская бытавая тэхніка. У сваю чаргу наша краіна апошнія некалькі гадоў займае першае месца па пастаўках вінаробнай прадукцыі з Малдовы, а гэта больш за чвэрць усяго малдаўскага экспарту віна. Увогуле ж узаемны тавараабарот паміж краінамі летась дасягнуў 350 мільёнаў долараў. Але, мяркуючы па ўсім, гэтую лічбу чакае сур'ёзная прыбаўка.
Гэта другі афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Малдову. Акрамя візітаў на вышэйшым узроўні, актывізавана супрацоўніцтва на ўзроўні парламентаў і ўрадаў. Дагаворна-прававая база паміж краінамі налічвае больш як 60 двухбаковых міжнародных пагадненняў. Ужо заўтра Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца са Старшынёй парламента Малдовы Ігарам Корманам і лідарамі парламенцкіх фракцый. Затым у беларускага Прэзідэнта запланаваныя перамовы з кіраўніком урада Малдовы Юрыем Лянкэ.