На "Нафтане" Прэзідэнт абмеркаваў развіццё нафтахімічнай галіны Беларусі

7 июня 2019

Кіраўнік дзяржавы сёння наведаў вядучае прадпрыемства беларускай нафтаперапрацоўкі  "Нафтан". Якасць беларускіх нафтапрадуктаў высока цэніцца на знешніх рынках. У гэтым Кіраўнік дзяржавы пераконваўся асабіста і не аднойчы.

Спажыўцы ад буйных аптавікоў да аўтамабілістаў-аматараў і прафесійных перавозчыкаў звярталіся з просьбамі аднавіць або павялічыць пастаўкі дызелю або бензіну. Узровень якасці ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і гандлёвых войнаў неацэнны, аднак, як паказвае практыка, прычым не толькі ў нафтахіміі, але і ў экспарце ў цэлым, беларускім вытворцам часта не хапае менавіта жорсткасці і агрэсіўнасці пры ўваходзе на новыя рынкі. Адгэтуль напамінак Прэзідэнта на нарадзе ў Наваполацку аб адказнасці профільных віцэ-прэм'ераў за знешнеэканамічную палітыку і стратэгію.

Якую стратэгію ўрад і кіраўніцтва НПЗ бачаць для айчыннай нафтаперапрацоўкі на найбліжэйшыя 10 гадоў, асабліва з улікам моды на электракары, гібрыдныя і газаматорныя рухавікі? Як эфектыўна задзейнічаць тыя прыкладна два мільёны тон нафты, якія здабывае сама Беларусь? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся сёння на вышэйшым узроўні на базе "Нафтана".

І, вядома, візіт у Віцебскую вобласць - гэта добрая падстава комплексна зірнуць на сітуацыю ў рэгіёне. Задача - зрабіць стаўку і на развіццё іншых галін: машына-, станкабудавання, камунальнай сферы, - каб сысці ад залежнасці нафтахімічнага комплексу. У цэлым у вобласці зроблена нямала. Рэканструяваны льнокамбінат, добрую дынаміку паказвае абутковая прамысловасць. А вось мясаперапрацоўчая галіна мае патрэбу ў нарошчванні аб'ёмаў сыравіны і паніжэнні выдаткаў. Што да прыцягнення інвестыцый, то ў параўнанні з іншымі абласцямі паказчыкі ніжэйшыя ўдвая. Па-ранейшаму ключавой задачай для рэгіёна застаецца стварэнне неабходных умоў для павышэння ўзроўню жыцця людзей і росту заработнай платы.

У цэлым паказчыкі вобласці маглі б быць вышэй, калі б "Нафтан" працаваў больш рэнтабельна. Рэгіён сур'ёзна залежыць менавіта ад гэтага прадпрыемства. Нагадаем, у красавіку абодва беларускія НПЗ змушаныя былі знізіць загрузку і панеслі страты ў сувязі з пастаўкай у Беларусь бруднай нафты з Расіі. Зараз надышоў час вырашаць пытанні кампенсавання шкоды.

Падрабязнасці наведвання Прэзідэнтам ААТ "Нафтан" глядзіце ў нашых наступных выпусках.