У Мінску адкрыўся Прэзідэнт-гатэль

3 мая 2013

Шматфункцыянальны, элітны, на ўсе 5 зорак. І калі гасцініца можа быць аб'ектам стратэгічным, дык гэта - менавіта той выпадак. Акрамя сустрэчы гасцей на, безумоўна, самым высокім якасным узроўні, тут мяркуецца правядзенне найважнейшых мерапрыемстваў з удзелам замежных дэлегацый, арганізацый са статусам міжнародныя. Нядзіўна, што да такога аб'екта - самая пільная ўвага. Гасцініцу адкрыў асабіста Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Перарэзаўшы сімвалічную стужку, Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з функцыянальнымі магчымасцямі Прэзідэнт-гатэля, арганізацыяй яго працы. Зрэшты, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка і на будаўнічыя недапрацоўкі і даручыў у самыя кароткія тэрміны іх ліквідаваць. Ужо ў панядзелак гасцініца прыме першых наведвальнікаў. А праз год беларускую гасціннасць у абноўленых сценах гатэля ацэняць госці і ўдзельнікі чэмпіянату свету па хакеі.


 


Расказвае Алеся Высоцкая: Цэнтр горада.  Хвіліна хады ад рэзідэнцыі Прэзідэнта.


Гэта ўжо не тая гасцініца Кастрычніцкая, якая стала  падарункам беларускай сталіцы да Алімпіяды-80. Мінск тады выбралі адным з пяці савецкіх гарадоў у якасці арэны для футбольных матчаў.


Ператварыць гасцініцу  ў  сучасны  шматфункцыянальны комплекс была ідэя Кіраўніка дзяржавы.


Пасля рэканструкцыі кардынальна тут памянялася ўсё на пяць зорак.  І нават плошча павялічылася  ўтрая.


 Золата і шакалад - брэндавыя колеры ў аздабленні. І натуральныя  матэрыялы - чысты эксклюзіў:  мармур, онікс, хрусталь. І дрэва толькі каштоўных парод. Знешне выглядае ўсё вельмі годна.


Гэта вынік працы  турэцкага бізнесу. Ужо маючы вопыт  стварэння ў Беларусі добрых гасцініц,  інвестары з Турцыі  ператварылі стары гатэль у новы за два з паловай гады.


Аляксандр Лукашэнка падняўся на 11 паверх. Тут размешчаныя VIP-нумары для самых высокіх гасцей.  Прэзідэнцкія апартаменты, дарэчы, зараз лепшыя ў краіне.


І гэта ўжо сапраўды  не проста гасцініца, а месца, дзе  можна праводзіць бізнес-сустрэчы, канферэнцыі і нарады на  высокім узроўні. Прычым некалькі адначасова.  Тут ёсць і амфітэатр на 600 месцаў, і пакоі для перамоў.  Але Кіраўнік дзяржавы зрабіў заўвагу. Вопыт буйных самітаў не ўлічаны. Не хапае памяшканняў для сустрэч адзін на адзін.


Ва ўсіх пытаннях, якія Аляксандр Лукашэнка  задаваў сёння  чыноўнікам, падыход быў гаспадарскі. І крытыкі, трэба сказаць, прагучала нямала за  агрэхі будаўнікоў.


Усе  будаўнічыя недапрацоўкі абяцана ліквідаваць ужо ў найбліжэйшыя дні, каб  нічога больш  не псавала ўражання ад гасцініцы.  Дарэчы, самы танны нумар у Прэзідэнт-гатэлі - 330 долараў. Кліентаў разлічваюць прыцягваць не толькі добрай інфраструктурай і сэрвісам, але і гібкай сістэмай скідак.


У Прэзідэнт-гатэлі зараз ёсць і SPA-цэнтр, салон прыгажосці - неабходныя сёння атрыбуты гасцініц. Гасцям прапануюць заняцца фітнесам, паплаваць у басейне.  А  машыну можна пакінуць у  двух - на выбар - падземных паркінгах.  Карміць абяцаюць таксама найлепшым чынам.  Як выглядае шведскі сняданак, паказалі ў адным з трох рэстаранаў.


Ёсць і тэхнічныя навінкі, укаранёныя ў Прэзідэнт-гатэлі. Стаіць абсталяванне з аўтаматызаваным кіраваннем і кантролем. Прэзідэнт  пацікавіўся, ці не шумяць у нумарах кандыцыянеры.


Колькасць нумароў павялічылася ў паўтара раза. І калі  Кастрычніцкая прымала гасцей да Алімпіяды-80, дык  Прэзідэнт-гатэль  ужо праз год прыме тых, хто прыедзе ў Мінск на чэмпіянат свету па хакеі. Размяшчэнне  ў цэнтры горада схіляе і да дзелавой актыўнасці.  Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей. Усіх павіншаваў з адкрыццём. І пажадаў гатэлю як мага хутчэй апраўдаць сваю назву.


Як нам стала вядома, першых VIP-гасцей гатэль чакае ўжо ў панядзелак.  На развітанне Кіраўнік дзяржавы завастрыў увагу сталічнай улады на прывядзенне ў парадак і наваколляў  гатэля.  Тэатр юнага гледача, чакаецца, прыме новы выгляд  да канца года.