Мінск і Пекін выходзяць на новы ўзровень адносін

1 октября 2016

Мінск і Пекін выходзяць на новы ўзровень адносін: даверных, усебаковых і стратэгічных, партнёрскіх і ўзаемавыгадных. Каля трох дзясяткаў міжнародных дакументаў і сумесная дэкларацыя за подпісам кіраўнікоў дзвюх краін. І агульная сума кантактаў - 11 мільярдаў долараў. Такі вынік дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў КНР. Пра адзіныя інтарэсы, "Вялікі камень" і новае генконсульства ў правінцыі Гуандун - наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк.

Шэньчжэнь - горад небаскробаў, прыродных паркаў і самы вядомы і буйны цэнтр электроннай і электратэхнічнай прамысловасці. Гэта свабодная эканамічная зона. Дарэчы, на поўнач ад яго размешчаны цэлы кластар заводаў сусветных брэндаў.

Huawei, ZTE, Lenovo, Konka, Great Wall, Samsung. Ён і задумваўся як кластар высокатэхналагічных вытворчасцяў. Тут даследчыя цэнтры, навучальныя карпусы. Гораду толькі крыху за 30. Ён з рыбацкай вёскі ператварыўся ў сучасны мегаполіс. Сіліконавая даліна правінцыі Гуандун цесна звязана і з іншымі гарадамі ў акрузе.

Напрыклад, да Гуанчжоу крыху больш за 100 кіламетраў. Гадзіна ў дарозе на хуткасным цягніку. Тут Беларусь адкрыла сваё новае генконсульства, раней было толькі ў Шанхаі. Рашэнне прынята пасля афіцыйных перамоў у Пекіне. І нездарма, гэты рэгіён - галоўны экспарцёр і імпарцёр тавараў. А ў аснове нашых адносін заўсёды была эканоміка.

Валерый Мацель, генконсул Беларусі ў г. Шанхаі, Кітай:

"Кітайскі рынак самы вялікі ў свеце, практычна ўсе сусветныя брэнды тут. Для таго каб прасунуць прадукцыю, трэба папрацаваць у плане маркетынгу, у плане вывучэння цэнавай палітыкі, лагістыкі і г.д.".

Сёння стаўку ва ўмацаванні адносін робяць на міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. І яно дае плён. Экспарт толькі беларускага льновалакна на рынак Кітая дасягнуў 15 мільёнаў долараў. Ужо дамовіліся па ялавічыне і малочнай прадукцыі. Кітайцы гатовыя і інвеставаць у Беларусь. У гэтым нас запэўнівала і кіраўніцтва аднаго з самых развітых раёнаў Шанхая - Сюйхуэй.

Вэй Юань, старшыня народнага палітычнага кансультатыўнага савета раёна Сюйхуэй, Кітай:

"Гэта першы дакумент. Мы гатовыя спрыяць прыходу кітайскага капіталу ў Беларусь, гатовыя прасоўваць гэта супрацоўніцтва. Летась былі ў індустрыяльным парку. Нас цікавяць IT-сфера і сфера паслуг. Шматлікія прадпрыемствы жадаюць інвеставаць у вашу краіну".

Жаданні год таму змацавалі подпісамі пад пагадненнем аб супрацоўніцтве з Партызанскім і Маскоўскім раёнамі Мінска. Сёлета ўжо працуюць над канкрэтнымі праектамі. У Беларусі і Кітая справы не разыходзяцца са словамі. Год таму агучана новая стратэгія - "Адзін пояс, адзін шлях". Важны вузел - Кітайска-беларускі парк "Вялікі камень". Там толькі высокатэхналагічная вытворчасць. І тут інтарэсы супадаюць.

Юрый Царык, аналітык наглядальнага савета Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў:

"Нашы краіны развіваюць не толькі адносіны на ўзаемавыгаднай аснове, але ўжо і давяраюць адна адной. Гэта азначае, што краіны не маюць задняй думкі, напрыклад, пры трансферы тэхналогій з адной краіны ў другую. Кітай не асцерагаецца перадаваць нейкія тэхналогіі, якія патрэбныя Беларусі, і якія могуць быць рэалізаваны на ўзаемавыгаднай аснове нам. А мы, адпаведна, не асцерагаемся рабіць тое ж у дачыненні да кітайскіх партнёраў".

Усе праекты Беларусі і Кітая з прыцэлам на будучыню. Праз некалькі гадоў яны дадуць вынік. Гэта дэманструе сёння і сам Кітай, які са спажывецкай пустыні ператварыўся ў заканадаўца моды па эканамічных рэформах і IT-навінках. Гэта не раз падкрэсліваў і беларускі лідар. Яшчэ быўшы дэпутатам прапаноўваў браць на ўзбраенне менавіта кітайскі вопыт.

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка гаварыў на сустрэчы з Прэм'ерам Дзяржсавета КНР. Гэта тэма гучала і ў іншых залах. Графік трохдзённага дзяржвізіту ў Кітай быў распісаны літаральна па гадзінах. Аляксандра Лукашэнку ў Пекіне чакалі і сустракалі як добрага сябра.

Сустракацца раз на год, а то часцей ў Мінска і Пекіна стала добрай традыцыяй. Статус стратэгічнага партнёра падкрэслівае: закрытых тэм няма, а планы на будучыню - вялізныя. Сёння краіны дасягнулі самых даверных адносін. І на такой ноце гатовыя супрацоўнічаць доўга.

Абапіраючыся на добрыя асабістыя адносіны лідараў дзвюх краін, не дрэмле і бізнес. Толькі за апошні год у Кітаі з візітамі пабывала да 40 дэлегацый, і гэта не толькі чыноўнікі, але і кіраўнікі буйных прадпрыемстваў. Такі ж рух і ў зваротным кірунку. Кітайцы, якія ўмеюць лічыць грошы і пралічваюць на некалькі гадоў наперад, гатовыя працаваць з беларусамі. Адзінства поглядаў, пазіцый і заўсёды моцнае плячо ў краін і на міжнароднай пляцоўцы.

Сёння "Шаўковы шлях" з Усходу на Захад - гэта дарога сяброў і надзейных партнёраў. У гэтым невялікім спісе і Беларусь. "Вялікі камень" упісваецца ў высунутую Пекінам канцэпцыю стварэння "Эканамічнага пояса Шаўковага шляху" і дасць Беларусі прыбытак і аб'ём вытворчасці большы, чым сёння дае прамысловы комплекс сталіцы. Галоўнае - напоўніць парк інвестарамі.

Па выніках пекінскіх перамоў падпісана каля трох дзясяткаў міжнародных дакументаў. Галоўны з іх - сумесная дэкларацыя. Яе падпісалі Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін.

На ўзроўні дзяржорганаў дамовіліся аб'ядноўваць вытворчы патэнцыял. Пагадненне аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў у Беларусі і ў Кітаі падпісалі нашы МАЗ і БелАЗ.

Кірыл Руды, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі:

"Таксама нам дадзена матэрыяльна тэхнічная дапамога ў даволі вялікім аб'ёме за ўсю гісторыю - больш за 230 мільёнаў долараў - на будаўніцтва сацыяльнага жылля, развіццё найбліжэйшага раёна каля індустрыяльнага парка і ў самім парку. Агульная сума каля 11 мільярдаў кантрактаў патэнцыяльных, магчымых і рэальных, якія нам зараз прыйдзецца рэалізоўваць і забяспечваць".

Мінск і Пекін выходзяць на новы ўзровень: адносіны даверныя, усебаковыя і стратэгічныя, партнёрскія і ўзаемавыгадныя. Толькі некалькі краін лічацца найбліжэйшымі партнёрамі Кітая. Эксперты адносяць да іх ліку Расію, Пакістан і Вялікабрытанію. Зараз такі асаблівы ўзровень і ў беларуска-кітайскіх адносінах. І яго трэба пацвярджаць. Над ім трэба працаваць і ўраду, і парламенту, і бізнесу.