Лукашэнка: Замацаваныя ў Канстытуцыі Беларусі фундаментальныя каштоўнасці з’яўляюцца правільнымі арыенцірамі

15 марта 2024

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў з Днём Канстытуцыі. Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу беларускага лідара.

"Сёння мы адзначаем Дзень Канстытуцыі, якая стала сапраўды народным дакументам. Прыняты 30 гадоў таму і ўдасканалены на рэферэндумах воляй большасці беларусаў Асноўны Закон шмат у чым вызначае ход нашай гісторыі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Дзякуючы Канстытуцыі створаны ключавыя інстытуты дзяржаўнай улады, гарантаваны правы і свабоды грамадзян".

Аляксандр Лукашэнка лічыць сімвалічным, што сёлета ўпершыню ў канстытуцыйным статусе пачне сваю работу Усебеларускі народны сход. Выступіўшы ў новай ролі, вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя стане яшчэ адной магутнай апорай нашай дзяржаўнасці. 

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што прытрымліванне канстытуцыйных норм і прынцыпаў, адказнасць кожнага беларуса за лёс Айчыны будуць і надалей спрыяць дынамічнаму развіццю нашай дзяржавы. 

Прэзідэнт пажадаў усім добрага здароўя, шчасця, дабрабыту і новых поспехаў на карысць роднай Беларусі.