Ключавыя аспекты выбараў Прэзідэнта прагучалі ў Палацы Незалежнасці

23 июня 2015

Беларусь на парозе важнай палітычнай кампаніі пяці гадоў - выбараў Прэзідэнта. Ключавыя аспекты маючай адбыцца падзеі сёння гучалі ў Палацы Незалежнасці. На нарадзе ў Прэзідэнта сабраліся службовыя асобы, якія прымуць непасрэдны ўдзел у арганізацыі выбарчай кампаніі. Адкрыта, сумленна і строга, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам - аснова, як і раней, нязменная. Будучая кампанія свайго роду іспыт для ўсіх органаў улады. Выбары павінны прайсці на належным узроўні. 

Акрэсліў Кіраўнік дзяржавы і пытанні магчымай даты. Ці будзе гэта 11 кастрычніка - рашэнне за парламентам. Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка надаў пытанням бяспекі і пабочнаму назіранню. Але ўсё ж у цэнтры палітыкі заўсёды застаецца чалавек. Беларусы павінны быць упэўненыя ў заўтрашнім дні, падкрэсліў Прэзідэнт.

Падрабязнасці нарады - у нашага палітычнага аглядальніка Юрыя Пракопава. Два тыдні таму на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са старшынёй Цэнтрвыбаркама ўпершыню была названа магчымая дата правядзення прэзідэнцкіх выбараў - 11 кастрычніка. Перад унясеннем гэтай прапановы на разгляд парламента было вырашана правесці нараду са службовымі асобамі, якія будуць адказваць за арганізацыю выбарчага працэсу. І вось сёння кіраўнікі розных ведамстваў сабраліся, каб абмеркаваць усе аспекты маючай адбыцца палітычнай кампаніі.

Адкрываючы нараду, Прэзідэнт адразу расстаўляе кропкі над "і" ў пытанні прызначэння даты выбараў. Раней Цэнтрвыбаркам назваў дату 15 лістапада як самы апошні тэрмін па нашым заканадаўстве. А з дакладнай датай яшчэ трэба вызначыцца парламенту. Таму ні пра які перанос размова не ідзе.

Выбары прэзідэнта - найважнейшая грамадска-палітычная кампанія. Выбаршчыкі вырашаюць, якім шляхам будзе далей рухацца краіна. Таму ўжо зараз трэба паклапаціцца аб поўнай гатоўнасці да іх арганізацыі і правядзення.

Рашэннем арганізацыйных і эканамічных пытанняў заўсёды актыўна займаюцца мясцовыя і рэспубліканскія органы ўлады. Так будзе і гэтым разам. Прэзідэнт даручае на ўсіх узроўнях забяспечыць максімальна зладжаную працу вертыкалі ўлады, сілавых структур. Важна забяспечыць бяспеку для людзей, але закручваць гайкі ніхто не збіраецца. Наадварот, выбары павінны праходзіць свабодна, адкрыта і празрыста, з запрашэннем міжнародных назіральнікаў.

Разам з падрыхтоўкай да выбараў Прэзідэнт заклікае не забываць і пра самую галоўную функцыю кіраўнікоў усіх узроўняў: штодзённую ўвагу да праблем людзей. Гэта лепшая падрыхтоўка да палітычнага іспыту перад выбаршчыкамі.

Прэзідэнцкія выбары абыдуцца бюджэту ў 260 мільярдаў або 180, калі ў 1 тур. Значная частка гэтых сродкаў пойдзе на выраб інфармацыйных матэрыялаў. Асаблівасць гэтай выбарчай кампаніі ў тым, што ўпершыню на прэзідэнцкіх выбарах усю працу аб інфармаванні выбаршчыкаў пра кандыдатаў бярэ на сябе Цэнтрвыбаркам. Што тычыцца грамадска-масавых мерапрыемстваў, дзейнасці кандыдатаў і міжнароднага назірання, то выбары пройдуць у ліберальным рэжыме.

Канчаткова дата выбараў стане вядомая праз тыдзень. Гэта пытанне разгледзяць дэпутаты 30 чэрвеня на заключным пасяджэнні 7-й сесіі парламента. Калі парламент зацвердзіць дату 11 кастрычніка, то да 17 ліпеня ўсе патэнцыяльныя кандыдаты павінны будуць падаць у ЦВК неабходныя дакументы.