Кадравы дзень у Кіраўніка дзяржавы

14 марта 2017

У Беларусі новы міністр працы і сацабароны. На гэтую пасаду Аляксандр Лукашэнка прызначыў Ірыну Касцевіч. Раней яна займала пасаду намміністра эканомікі. У розны час была галоўным эканамістам, начальнікам упраўлення, а пасля намеснікам Статкамітэта Беларусі. Выбар быў доўгім, на пасаду міністра працы і сацабароны прэтэндавала мноства кандыдатур. А ўлічваючы прыярытэт - сацыяльна-арыентаваную палітыку, - профільнаму ведамству асаблівая ўвага. Менавіта на новага міністра Прэзідэнт ускладае вялікія надзеі. Сярод даручэнняў Кіраўніка дзяржавы: забеспячэнне высокага ўзроўню занятасці ў краіне, стварэнне эфектыўнага рынку працы, павышэнне ўзроўню прыбыткаў насельніцтва і ўдасканаленне сістэмы абароны ўразлівых катэгорый грамадзян.

Ірына Касцевіч, Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі: "Стаіць задача ў 2017 годзе стварыць 70 000 новых рабочых месцаў. І гэтыя рабочыя месцы павінны быць сучаснымі, якаснымі, эфектыўнымі і мець адпаведны ўзровень заработнай платы. Да канца года сярэдняя зарплата па краіне павінна скласці не меней за Br1 000. Усе гэтыя задачы складаныя, але выканальныя. Урад працуе над іх рашэннем у выразным звязку з усімі прадпрыемствамі, органамі дзяржкіравання і рэгіёнамі. Што датычыцца пенсіённага забеспячэння, узровень пенсій павінен складаць не меней за 40% ад сярэднямесячнай заработнай платы".

І сёння ж Кіраўнік дзяржавы прызначыў Уладзіміра Карпяка памочнікам Прэзідэнта Беларусі - галоўным інспектарам па Мінску. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, Мінск - сталіца краіны і павінен выглядаць адпаведна. Асаблівы акцэнт - на працу сферы ЖКГ, развіццё ў горадзе рэальнага сектара эканомікі і стварэнне новых рабочых месцаў. Аляксандр Лукашэнка таксама даў згоду на прызначэнне Ігара Бузоўскага кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Акрамя таго, Прэзідэнт узгадніў прызначэнне гендырэктараў шэрагу прадпрыемстваў нафтапрамысловага комплексу. "Нафтан" узначаліць Аляксандр Дзямідаў, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод - Віталь Паўлаў; "Гомельтранснафта Дружба" - Алег Пачынок. У цэлым усе прызначаныя сёння - маладыя і перспектыўныя кіраванцы, за імі будучыня краіны. І яе прэзентацыя за мяжой - зона адказнасці новых кіраўнікоў дыпмісій у Кыргызстане і Японіі. Падрабязнасці кадравых рашэнняў Кіраўніка дзяржавы глядзіце ў наступных выпусках.