Да шчырай гутаркі ўлады з прадстаўнікамі народа заклікаў Кіраўнік дзяржавы

26 мая 2016

Да шчырай гутаркі ўлады з прадстаўнікамі народа заклікаў сёння Кіраўнік дзяржавы, адкрываючы нараду, на якой галоўным пытаннем парадку дня стала абмеркаванне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў. Прэзідэнт не раз падкрэсліваў, што ўсе рашэнні, якія тычацца эканомікі, як ніколі сёлета канкрэтызаваны і прыняты, іх проста трэба рэалізаваць. Але сапраўдным іспытам для ўлады, дзе павінна выявіцца высокая адказнасць перад прадстаўнікамі народа, стане наша стратэгія на пяцігодку, у якой прапісаныя фактары росту і рэзервы, накіраваныя на будучае развіццё краіны, будуць, як і сама праграма, зразумелыя і прынятыя не толькі спецыялістамі і распрацоўшчыкамі, але і ўсім грамадствам. Дабіцца такой аднадушнасці можна толькі ў сумленнай дыскусіі. Вялікая гутарка перад вялікім форумам. Падрабязнасці ў рэпартажы Андрэя Лапцёнка.

Зацвярджаць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2020 года будуць дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Да іх тэкст дакумента павінен трапіць з рэальнымі лічбамі і канструктыўнымі прапановамі. За месяц да маштабнага форуму Кіраўнік дзяржавы сабраў тых, хто фактычна і будзе рэалізоўваць праграму. Склад запрошаных сёння ў Палац Незалежнасці як ілюстрацыя поўнай канцэнтрацыі ўлады на вырашэнне эканамічных задач.

За адным сталом кіраўніцтва ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнікі Нацбанка, абедзвюх палат парламента, профільных міністэрстваў, губернатары. Прэзідэнт адразу задае тон нарадзе. Высокая адказнасць улады перад прадстаўнікамі народа - дэлегатамі сходу - вызначае сённяшні падыход да абмеркавання маштабнага дакумента. На наступныя пяць гадоў патрэбны дакладныя арыенціры, а значыць гутарка павінна быць сумленнай.

Праграму "16-20" урад пачынаў рыхтаваць яшчэ ў сярэдзіне мінулага года. Зразумела, макраэканамічныя ўмовы сур'ёзна змяніліся, комплексны дакумент зведаў карэкцыю. Зрэшты, не змяняліся стратэгічныя мэты.

Застаюцца пытанні да тактыкі. Яшчэ ў пачатку красавіку ў міжведамаснай групы, якую ўзначаліў кіраўнік Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, былі пытанні да ўрада. У праекце праграмы не хапае канкрэтных задач і механізмаў іх вырашэння. Амаль два месяцы прапановы і заўвагі дапрацоўвалі ў камісіях. Сёння 15-хвілінны даклад прэм'ера выводзіць дакладную фармулёўку прыярытэтаў, тры з якіх падтрыманы.

Але пытанні "як?" і "з дапамогай якіх інструментаў?" занялі сёння 3 напружаныя гадзіны дыскусій. У залік ураду запісалі аптымальнае спалучэнне пераемнасці і навізны ў падыходах. Гэта, мабыць, было адно з асноўных патрабаванняў да распрацоўшчыкаў і з боку Кіраўніка дзяржавы. Але Прэзідэнт яшчэ падкрэслівае: акрамя таго, што праграма павінна будавацца на эканамічнай рэальнасці, яна павінна быць зразумелай не толькі спецыялістам.

Гэты год, мабыць, стане сапраўдным іспытам для Кабінета міністраў. Падзенне цэн на нафту, нестабільнасць на валютным рынку, як вынік разарваныя сувязі на партнёрскіх рынках і зніжэнне экспарту - рэакцыя ўрада павінна быць імгненнай. І тут Прэзідэнт яшчэ раз патрабуе больш дакладных адказаў.

Пытанні ўраду канкрэтныя. Без залішне песімістычных ацэнак Кіраўнік дзяржавы просіць адказаць, наколькі напружанымі і дасягальнымі з'яўляюцца мэты, што прапануюцца для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе; якія ёсць інструменты для пераадолення дапушчанага ў мінулай пяцігодцы адставання.

Сяргей Навіцкі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Словы Прэзідэнта, якія мне запомніліся, - "ніякага песімізму", "мы павінны аднавіць страчанае і выйсці на траекторыю ўпэўненага росту па ўсіх кірунках". І рухацца ў трэндзе сусветнай эканомікі з ростам як мінімум 2, 5-3 % за год".

Георгій Грыц, намеснік дырэктара Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі: "Гаворачы пра 2017, гаворачы пра 2020, калі мы не выйдзем на паказчык 4-5 %, я думаю, што гэта наўрад ці можна будзе прызнаць дасягненнем. Таму патрабаванні і пажаданні Кіраўніка дзяржавы, у канцы наступнай пяцігодкі выхад на гэтыя паказчыкі - гэта фактычна сёння пытанне нацыянальнай бяспекі, а можна нават сказаць, што захаванне прамысловага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь".

Аляксандр Іваноўскі, першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі: "Бо асноўныя рэсурсы знаходзяцца ў нас у руках. Таму, як раней гаварылі, на дзядзьку спадзявайся, а сам не паддавайся. Так і нам трэба добра разумець - усё роўна асноўныя інвестыцыі знаходзяцца ў нас, пачынаючы ад чалавечых рэсурсаў і заканчваючы рознага роду рэсурсамі матэрыяльнымі".

У комплексе мер, прапанаваных урадам, нумарацыя галоўных блокаў толькі фармальнасць. Пад кожным можна паставіць грыф "прыярытэт №1". Канкурэнтаздольнасць прамысловага комплексу. Выдаткі ў энергетыцы і ЖКГ. Рабочыя месцы, развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Экспарт, і, нарэшце, магутная сацыяльная накіраванасць праграмы.

Зараз новы этап абмеркавання. Па даручэнні Прэзідэнта прыярытэты праграмы, па сутнасці, павінны адказваць на пытанні людзей: зарплаты, цэны, жыллё, крэдыты. І тут прапановы ўрада - тая аснова, якая дазваляе рухацца далей. Наперадзе сумесная актыўная дапрацоўка дакумента, ужо менш як праз месяц праграма стане прадметам шырокай усенароднай дыскусіі.

Як не раз адзначаў Прэзідэнт, гэты год павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных эканамічных тэндэнцый. Пагрозам эканамічнай бяспекі краіны мы павінны супрацьпаставіць арганізаванасць, ініцыятыву, мабілізацыю ўсіх рэсурсаў і ўменне эфектыўна гаспадарыць. І тут вялікая надзея на маючы адбыцца Усебеларускі народны сход, якое дапаможа не толькі выпрацаваць дарожную карту стабілізацыі эканомікі, але і стане прыкладам нацыянальнага яднання, без якога любыя эканамічныя поспехі немагчымыя.