Мяжа, бяспека, правапарадак - нарада ў Палацы Незалежнасці з кіраўніцтвам сілавога блока Беларусі прайшла ў закрытым рэжыме

2 мая 2023

Сітуацыя на межах, бяспека і правапарадак - у Палацы Незалежнасці сёння сабралася кіраўніцтва сілавога блока краіны. Нарада ў зале Савета бяспекі прайшла ў закрытым рэжыме.

Сітуацыя застаецца складанай, таму ў фокусе ўвагі комплекс фактараў: нарошчванне ваеннай групоўкі НАТА, пастаянныя правакацыі, у цэлым недружалюбныя дзеянні з боку заходніх і паўднёвых суседзяў. Не сакрэт, што ў гэтых сумежных дзяржавах працягваюць рыхтаваць збеглых радыкалаў у складзе незаконных узброеных фарміраванняў. А тэрарыстычныя злачынствы, учыненыя сёлета ў Беларусі, распрацоўваліся менавіта за мяжой - адтуль прыбывалі і выканаўцы, і зброя з узрыўчаткай. Прэзідэнта цікавяць прапановы па процідзеянні: трэба рэагаваць на сітуацыю. Дзяржпагранкамітэт ужо фарміруе на мяжы дадатковыя манеўраныя групы.

КДБ прагназуе эскалацыю становішча па перыметры краіны

Камітэт дзяржбяспекі дае прагноз: становішча па перыметры краіны будзе пагаршацца. Гэта па выніках нарады ў Прэзідэнта расказаў журналістам старшыня КДБ.

Іван Тэртэль, старшыня Камітэта дзяржбяспекі Беларусі:

Наш Прэзідэнт у гэтым вельмі складаным аператыўным становішчы трымае руку на пульсе ва ўсіх працэсах, якія адбываюцца. Бяспека зараз на першым месцы. Мы прагназуем значную эскалацыю становішча па перыметры нашай краіны. Гэта звязана, па-першае, з тэмай баявых дзеянняў на паўднёвым напрамку. І па-другое, не спыняюцца спробы дэстабілізаваць сітуацыю ўнутры нашай краіны.

Меры па ўзмацненні контрразведвальнага рэжыму

Таксама па ўказанні кіраўніка дзяржавы будзе прыняты шэраг мер, звязаных з узмацненнем контрразведвальнага рэжыму. Гэта работа на папярэджанне і прафілактыку, каб не дапусціць таго, што адбываецца ў рэгіёнах побач з нашай краінай.

Іван Тэртэль, старшыня Камітэта дзяржбяспекі Беларусі:

Бяспека людзей, нашых грамадзян, сем'яў на першым месцы ў кіраўніка дзяржавы. Мы, адпаведна, дакладваем яму аб выкананні тых даручэнняў, якія дадзены Прэзідэнтам у сувязі з гэтай няпростай сітуацыяй. Але хацеў бы падкрэсліць, што Прэзідэнт руку на пульсе трымае. І нашым грамадзянам можна быць упэўненымі, што робіцца ўсё, што неабходна.

Працягваецца і так званая ціхая работа. Камітэт дзяржбяспекі ў найбліжэйшы час абнародуе новыя факты затрыманняў і вынікі работы контрразведкі.