Год культуры ў Беларусі стартаваў з уручэння прэстыжных прэмій "За духоўнае адраджэнне" і Cпецпрэмій Прэзідэнта

13 января 2016

На самым высокім узроўні ўшаноўвалі ўрачоў, святароў, навукоўцаў, артыстаў і журналістаў, якія сваёй самаадданай працай узбагачаюць нашу краіну духоўна, маральна і культурна. Сярод лаўрэатаў – дзеячы з Мінскай вобласці: епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веньямін і калектыў юных гарманістаў «Аношкаўскія музыкі» з Нясвіжскага раёна. Пра галоўных герояў урачыстай цырымоніі Аляксандра Драгун.

Ён духоўна апякуе дзіцячыя дамы, стварае нядзельныя школы, моліцца з вернікамі ў Барысаўскім і Мар'інагорскім раёнах. Епіскап Веньямін 20 гадоў нясе людзям добрую вестку пра Бога.

Епіскап Веньямін родам з горада Лунінца Брэсцкай вобласці. Ён атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «інжынер-радыёфізік», служыў у арміі, але ўрэшце абраў іншае служэнне – Богу і людзям.

Калісьці ў бібліятэцы Мінскага епархіяльнага ўпраўлення будучы епіскап спасцігаў слова Божае. А 24 гады таму па закліку сэрца паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Так і пачаўся яго святарскі шлях.

Дзякуючы намаганням уладыкі ў Барысаве рэканструявалі Кафедральны сабор Уваскрэсення Хрыстовага. Два гады таму напярэдадні Раства ў абноўленым храме прайшла першая літургія. Па духоўнае настаўленне і сілы сюды ідуць вернікі, бо ведаюць: уладыка заўсёды выслухае і дапаможа.

Акрамя служэння ў храмах, Веньямін займаецца дабрачыннасцю, выдае кнігі аб праваслаўным жыцці і вучыць моладзь Божаму слову.

За шматгадовую самаадданую працу епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі атрымаў прэмію Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».

Усяго ж па выніках года прысуджана пяць прэмій «За духоўнае адраджэнне» і дзесяць Спецпрэмій Прэзідэнта. Лаўрэатаў аб'ядноўвае галоўнае - сваёй працай яны ўзбагачаюць нашу краіну духоўна, маральна і культурна.

Сярод уладальнікаў Спецпрэміі і юныя артысты з Нясвіжскага раёна. Амаль два дзесяцігоддзі ансамбль гарманістаў «Аношкаўскія музыкі» працягвае музычную дзейнасць прадзедаў.

Дзявятнаццаты год у святочныя калядныя дні ўзнагароджваюць лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» і Спецыяльных прэмій Прэзідэнта. Сёлета так урачыста пачалі Год культуры.