Кіраўнік дзяржавы наведвае Украіну з афіцыйным візітам

18 июня 2013

Сёння Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы з Віктарам Януковічам. Бакі абмяркуюць шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва. Запланавана падпісанне шэрагу дакументаў.


Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам ва Украіну. Борт №1 прызямліўся ў аэрапорце Барыспаль. Апошні раз беларускі лідар наведваў Украіну з афіцыйным візітам у 2010 годзе. Але палітычныя кантакты двух прэзідэнтаў былі рэгулярныя.


Аляксандр Лукашэнка наведаў мемарыяльны комплекс Парк Вечнай славы ў Кіеве. І ўсклаў вянок да Магілы Невядомага Салдата.


Ад Вечнага агню беларускі лідар накіраваўся да мемарыяла ахвяраў галадамору ва Украіне.


Сёння апоўдні Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца са сваім украінскім калегам Віктарам Януковічам. Перамовы адбудуцца як у вузкім, так і пашыраным складах. У першую чаргу кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.


Летась узаемны тавараабарот дасягнуў рэкорднай адзнакі - восем мільярдаў долараў. Як правіла, Беларусь пастаўляе нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, трактары і халадзільнікі.


Наўзамен атрымліваем запасныя часткі і камплектуючыя да трактарнай, аўтамабільнай і збожжаўборачнай тэхнікі. Дарэчы, цікавасць да беларускіх машын павышаная. Айчынная тэхніка канкурэнтаздольная ў такіх параметрах, як кошт, якасць і сэрвіс. На гэты момант у стадыі падрыхтоўкі знаходзіцца праект па стварэнні ў Чарнігаўскай вобласці сумеснага прадпрыемства па зборцы гомельскіх камбайнаў. Перспектыўныя кірункі ў хімічнай галіне, паліўна-энергетычнай сферы.


Чакаецца і падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў. Беларусь гатовая ўдзельнічаць у праграмах па мадэрнізацыі сельгасмашынабудавання Украіны. Інтэгруючым элементам супрацоўніцтва стане і вытворчая кааперацыя.