Вялікі візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Оршу

2 декабря 2018

Лён. Гэтую расліну называюць палітычным і нават стратэгічным складальнікам аграрнага сектара. Як толькі яе не называюць у нашай краіне: багацце Беларусі, паўночны шоўк, візітная картка, бо і на гербе адлюстраваная. Сітуацыя на Аршанскім ільнокамбінаце ў асобнасці і па галіне ды і па рэгіёне ў цэлым даўно ў полі зроку Кіраўніка дзяржавы. Гэта ўжо другі вялікі візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Оршу за тры месяцы.

І, мяркуючы па выніках, ён не апошні. Льняную індустрыю нашай краіны ў цяперашнім выглядзе крытыкаваў беларускі лідар. Якасць сыравіны, праблемы з цэнтрамі ачысткі насення - увогуле, парастакі мадэрнізацыі пакуль не ўзышлі, нягледзячы на важкае фінансавае ўліванне з боку дзяржавы.

І нават крыўдна: бо ўсё ёсць для поспеху, не хапае самага галоўнага - жадання на месцах. Лён адметны яшчэ тым, што ён лакмусавая паперка для ўсёй краіны: капрызная культура не церпіць бескультур'я гаспадарчага. І гэта таксама трэба ўлічваць.

Праблему эфектыўнасці льняной галіны абмяркоўваюць не адзін год. Але воз, хаця цяпер ужо і не там, аднак захраснуў дзесьці на паўдарогі. Прычыны прабуксоўкі абазначаны вышэй і больш падрабязна ў нашым сюжэце. Бо нягледзячы на маразы, у паўночным рэгіёне краіны было горача… ад дыскусій і планаў. У мінулым збор ураджаю, а наперадзе работа над памылкамі. Аляксей Волкаў разабраўся, дзе расце лён, а дзе, можа, і лянота.

Зараз па такіх лекалах шые свой заўтрашні дзень Аршанскі льнокамбінат.

Фабрыка нумар 2 льнокамбіната - авангард апошняга абнаўлення, менавіта ў гэтых сценах запушчаны поўны цыкл вытворчасці - ад прыёму сыравіны да гатовай тканіны. На свае вочы аператар Ганна Жураўская назірала за індустрыяльным феніксам апошнія дваццаць гадоў. Ад разрухі да новых цэхаў і рабочых станкоў. Прычым апошняе датычыцца не толькі іх стану: яшчэ нядаўна востра адчуваўся недахоп сыравіны, і замест лёну работнікі больш чухалі… патыліцы ад разгубленасці.

Чатыры тысячы супрацоўнікаў пры мінімальных кадравых стратах. Рэдкая ў наш час статыстыка дапаўняецца і добрымі зарплатамі. Сярэдняя па камбінаце - каля тысячы рублёў. Словам, сітуацыя для работнікаў і сапраўды спрыяльная. Чаго пра завод у цэлым не скажаш. Нясмелая дынаміка апошніх гадоў - трэнд станоўчы, але рэнтабельнасць усяго 7 %. Успамінаем крэдытныя выплаты, і становіцца зразумела: атлант ільняной індустрыі толькі напалову выпрастаў плечы.

Пра тое, што лён - культура палітычная і нават стратэгічная, Аляксандр Лукашэнка гаварыў неаднаразова, бо гэтая індустрыя адна з тых, што можа стаць для Беларусі аўтаномнай - і сыравіна, апрацоўка рэсурсу і нават гатовая прадукцыя не будзе залежаць ад іншых краін. Гэта ў ідэале, а на справе сітуацыя пакуль што іншая.

Абнаўленне дзясятка льнозаводаў, сотні мільёнаў долараў - сур'ёзныя падачы ў індустрыю пакуль аддачы належнай не далі. "Лён любіць паклон" - не проста мудрасць векавая, а добры паказчык працы чыноўнікаў і спецыялістаў. Культура пры любым парушэнні ланцужка з 39 дзеянняў ператворыцца з патэнцыяльнага золата ў пацяруху.

Беларусь сёння ўваходзіць у тройку вытворцаў і пастаўшчыкоў лёну. Многія краіны ўзялі самаадвод – вельмі складана вырошчваць хай і такі выгадны рэсурс, а рэнтабельнасць прыкладна 70 %. Здаецца, само жыццё штораз дае шанц прадпрыемствам ахапіць нашым матэрыялам сусветныя рынкі, але многія заводы паводзяць сябе, як пасажыр на незнаёмым вакзале, - год за годам цягнік магчымасцяў адыходзіць усё далей і далей. І калі не ўключыцца сёння і імгненна, ён з'едзе раз і назаўжды ў Францыю - да лідара індустрыі.

 

Цёмны бок мадэрнізацыі галіны - завод у Паставах. Амаль пяць гадоў таму тут усталявалі помнік няспраўджанай мары. Інакш апісаць абсталяванне нельга. У 2012 годзе вырашылі пабудаваць дзве лініі. Пабудавалі, і толькі тады прыйшло разуменне: стандарты парушаныя, і станкі больш знішчаюць лён, чым апрацоўваюць. Хто, як і чаму так асвоіў грошы з бюджэту? Сёння ля сіне-зялёнага тандэму можна часцей убачыць дзяржкантроль, а не рабочых.

Нельга проста ігнараваць заробак, які, лічы, ляжыць пад нагамі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па льняной галіне з канкрэтным пасылам.

Яшчэ летась Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу выразна і разумна вырашыць усе льняныя пытанні. Аб'ектыўны вынік сёння: з усіх абласцей у трох ураджай, лічы, загубілі. Выдаўся цяжкі год, і насенне не вельмі - гаворыць урад. Усё з насеннем добра, а вось з тэхналогіяй не, парыруе Інстытут лёну.

 

Асобнае пытанне - глыбокая перапрацоўка лёну. На тым жа Аршанскім камбінаце запусцілі цэлы ланцужок. Але дробныя, асцярожныя крокі не дазваляюць паспяваць за светам, дзе карыснае і экалагічнае чыстае карыстаецца небывалым попытам. У Беларусі гэты козыр на руках - засталося навучыцца ім карыстацца. Неабходна пазбавіцца і ад імпарту запчастак для тэхнікі. Зноў-такі ёсць свае заводы і прадпрыемствы.

 

Увага Кіраўніка дзяржавы да Інстытута лёну невыпадковая. Паўночны шоўк - без пяці хвілін высокатэхналагічная вытворчасць. І аршанскае поле эксперыментаў - 300 гектараў. Тут навуковая лабараторыя праводзіць селекцыю насення і распрацоўку новых сартоў. Іх сотні.

 

Інстытут распрацоўвае інтэрактыўную карту з улікам спецыфікі кожнага рэгіёна краіны. Па ёй ільнаводы будуць сеяць, а далей і змагацца за ўраджай 2019 года, які стане кантрольнай праверкай для аграрыяў. Правёў Аляксандр Лукашэнка і чырвоную рысу для ўсёй галіны.

 

А вось якраз прыклад светлага боку мадэрнізацыі. Дубровенскі льнозавод ідзе на рэкордныя паказчыкі. Напэўна, сярод працаўнікоў ёсць і цёзкі Стаханава. Вырабляюць і доўгае, і кароткае льновалакно. Першае забірае Аршанскі камбінат. Астатняе выдатна ідзе за валюту на экспарт. У цэлым жа ўвесь кругаварот падзей у індустрыі можна падагульніць так: Беларусь з-за часам няўзгодненых дзеянняў паміж заводамі, камбінатам і тэхнолагамі глядзіць на імпартнае, там цэннік у два разы вышэйшы. Гэта ж датычыцца і айчыннай тканіны ў цэлым.

Чарговая сур'ёзная і дзесьці жорсткая размова зноў адбылася менавіта ў Оршы нездарма. Неаднаразова адзначалася: гэта рэгіянальны эталон краіны.

Камбінат, інструментальны завод, мясны – праблемныя пытанні рэгіёна павінны да 2021 года стаць прыкладам адзінай канцэпцыі развіцця: паляпшэння эканомікі ў краіне, а значыць і жыцця кожнага з нас.