Беларускі погляд на праблемы сучаснай светабудовы: Прэзідэнт выступіў на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

14 июня 2019
Крызіс у сферы глабальнай бяспекі канстатаваў наш Прэзідэнт, выступаючы сёння на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку. Вельмі адкрыта і прынцыпова выказаўся Аляксандр Лукашэнка аб праблемах сучаснай светабудовы. Без цеснага ўзаемадзеяння ў рамках шматбаковых структур, без выпрацоўкі ўзгодненых крокаў немагчыма забяспечыць мір як у рэгіянальным, так і ў глабальным маштабе. Патрэбен дыялог. Такія ініцыятывы, як "Хельсінкі-2" або спалучэнне еўразійскай і еўрапейскай інтэграцыі ўжо прасоўваюцца айчыннай дыпламатыяй і падтрыманы шматлікімі палітыкамі ў свеце. Але ў сталіцы Кыргызстана беларускі лідар назваў і шэраг стратэгічных навацый, якія перш не гучалі на такім высокім узроўні. На палях саміту Аляксандр Лукашэнка правёў некалькі найважнейшых двухбаковых сустрэч. Гэта быў сапраўдны перагаворны марафон  з лідарамі Кітая, Расіі, Індыі, Узбекістана, Таджыкістана, Пакістана, Афганістана і Кыргызстана. Усе падрабязнасці  ў Андрэя Крывашэева. 

Эканоміка як інструмент варожасці. Новыя тэхналогіі як зброя супраць суверэнітэтаў і правоў грамадзян на прыватнае жыццё. Глабалізацыя, ад якой больш прайгралі, чым выйгралі ў сусветным маштабе. Так адкрыта і без палітэсу Прэзідэнт Беларусі апісаў глабальную сістэму бяспекі. А больш дакладна, небяспекі для дзяржаў, грамадстваў і кожнага чалавека  асобна. Заявы прагучалі ў сталіцы Кыргызстана Бішкеку. Тут сёння праходзіць саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва - найбуйнейшай інтэграцыі ў Еўразіі. Беларусь мае ў ШАС статус назіральніка, але да актыўнай пазіцыі афіцыйнага Мінска  традыцыйна прыслухоўваюцца,  укараняючы ў актуальны і стратэгічны парадак дня нашы ініцыятывы. 

Цяперашняя сустрэча на вышэйшым узроўні не стала выключэннем. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў багаты інструментарый канкрэтных мер для ўзроўню Аб'яднаных Нацый, ШАС, АБСЕ і двухбаковага фармату.

Адкрыты дыялог без папярэдніх умоў - менавіта такую формулу прасоўвае Беларусь у дыпламатыі. Як аб'ектыўна неабходны крок - нефармальная сустрэча генеральных сакратароў ААН, АБСЕ, ШАС, СНД і НАТА. Г.з. тых структур і блокаў, якія сёння насуперак разумнаму сэнсу і ўласным статутам, хутчэй, раз'ядноўваюць Еўра-Атлантыку і Еўразію. Сустрэча сакратароў магла б стаць першай прыступкай да даверу. 

Яшчэ адна вельмі прагматычная ініцыятыва - у эканоміцы. Чым больш сумесных праектаў ад АПК да высокіх тэхналогій і энергетыкі,  тым менш шанцаў  сутыкнуць дзяржавы Еўразіі паміж сабою або націснуць на іх звонку. Сваю логіку Прэзідэнт Беларусі падмацаваў наглядным прыкладам.

Розніца ў часе паміж Мінскам і Бішкекам  3 гадзіны. А таму да гэтай хвіліны саміт ужо завершаны, выніковыя дакументы прынятыя, аналітыкі падводзяць першыя вынікі. У прыватнасці, Бішкекская дэкларацыя і пагадненні па барацьбе з наркатрафікам, прасоўваннем бяспечнай лічбавізацыі і прамога супрацоўніцтва рэгіёнаў  цалкам у логіцы беларускіх прапаноў. Акрамя таго, Беларусь выкарыстала саміт ШАС  як платформу для прамых кантактаў з краінамі арганізацыі. Аляксандр Лукашэнка пераадолеў фактычна марафонскую дыстанцыю дыялогу на вышэйшым узроўні.  З прэм'ер-міністрам Індыі дамовіліся зрабіць стаўку на 3-4 буйныя праекты, каб падштурхнуць сумесную эканоміку. Замацуюць вынік візітам Нарэндра Модзі ў Беларусь, запрашэнне было з задавальненнем прынята кіраўніком індыйскага ўрада.

На палях саміту прайшла сустрэча з прэзідэнтам Афганістана. Лідары дамовіліся падключыць беларускія прадпрыемствы і тэхналогіі да аднаўлення краіны. Размова, у прыватнасці, пра агратэхніку, перапрацоўку і ВПК.

Далей адбыліся дзве сустрэчы з найбуйнейшымі гульцамі ШАС - лідарамі Расіі і Кітая. З Уладзімірам Пуціным абмеркавалі тактыку і стратэгію глыбокай саюзнай інтэграцыі, гатоўнасць да новай сустрэчы на вышэйшым узроўні і ўдзел Расіі ў II Еўрапейскіх гульнях. Са старшынёй Сі Цзіньпінам гаварылі пра найхутчэйшае завяршэнне інвестпраектаў з удзелам кітайскага капіталу ў Беларусі і статусны міжнародны форум на базе "Вялікага каменя".

Пасля завяршэння сустрэчы добрыя сябры абмяняліся падарункамі-сімваламі. 

Журавель або бусел  у дзвюх культурах чытаецца амаль аднолькава: як пажаданне мудрасці і даўгалецця. Заўтра ў кітайскага лідара  дзень нараджэння, а таму кошык з прадуктамі хатняй вытворчасці вельмі дарэчы. Падарунак у адказ - раскошная ваза ў традыцыйным кітайскім стылі - гэта сімвал стабільнасці і поспеху. 

Стабільны рост патрэбныя Беларусі і ў адносінах з Узбекістанам, Таджыкістанам і Кыргызстанам. Тры дыялогі на ўзроўні прэзідэнтаў - яшчэ адзін важны складальнік саміту. 

Яшчэ адна сустрэча  анансавала перазагрузку адносін Беларусі з абноўленым Пакістанам.

Пажаданне перамогі невыпадковае. У нядзелю   вырашальны матч на чэмпіянаце свету па крыкеце, а кіраўнік пакістанскага ўрада ў мінулым нацыянальная зорка ў гэтым відзе спорту. Зрэшты, на сустрэчы акцэнт зрабілі на рывок у эканоміцы: інавацыі, экспарт тэхналогій пад ключ і сумесныя праекты, усё, каб перазапусціць сувязі, якія праселі з-за палітыкі.

Запрашэнне прынята. І як запэўніў прэм'ер-міністр, палітычны крызіс ужо ў мінулым і афіцыйны Ісламабад  гатовы да маштабнай перазагрузкі адносін. Як жартуюць аналітыкі,  Шанхайская арганізацыя як вялізны крэйсер у моры нестабільнасці робіць хвалі, што некалькі разоў агібаюць зямны шар. Але ў адрозненне ад бур ад іншых інтэграцый, гэтыя не разбураюць, а прыводзяць у рух лопасці сусветнай эканомікі і бяспекі. Вельмі важна, што на крэйсеры ШАС у Беларусі свая асобная, важная кабіна і свой унёсак у сусветную дынаміку. Мабыць, гэта галоўнае пасляслоўе шанхайскага духу ў Бішкеку.